Фацімскае заахвочванне да ўмілавання Езуса Эўхарыстычнага

Юбілей

Да 100-годдзя аб'яўленняў Маці Божай у Фаціме
Часцей за ўсё гаворыцца, што Марыя ў Партугаліі прыгадала свету пра 3 важныя рэчы: малітву, пост і навяртанне. Аднак пасля глыбейшага аналізу Яе паслання заўважаем, што з Фацімы плыве таксама заклік да асаблівага ўшанавання і любові да Езуса ў Эўхарыстыі. Гэта вельмі важны наказ, які, на жаль, часта выпускаецца з-пад увагі.
У 1916 годзе да 3-іх фацімскіх дзяцей некалькі разоў прыходзіў Анёл. Ён павінен быў падрыхтаваць іх да лепшага зразумення і перадачы паслання Марыі, якое, па сутнасці, з’яўляецца пасланнем Евангелля. Падчас аднаго з аб’яўленняў Анёл упаў на калені і схіліўся да зямлі перад застыўшымі ў паветры келіхам і Гостыяй, адаруючы такім чынам Найсвяцейшы Сакрамант. Ён таксама даў выразны знак дзецям, каб зрабілі гэтак жа. Пастушкі імгненна выканалі наказ Божага Пасланніка і разам з ім тройчы прамовілі наступную малітву: “Найсвяцейшая Тройца – Ойча, Сыне і Дух Святы – люблю Цябе з найглыбейшай пашанай і ахвярую Табе бясцэнныя Цела, Кроў, Душу і Боскасць Пана нашага Езуса Хрыста, прысутнага ва ўсіх табернаклях свету, як адплату за знявагі, святатацтва і абыякавасць, якія Яго зневажаюць. Праз невымерныя заслугі Яго Найсвяцейшага Сэрца і праз пасрэдніцтва Беззаганнага Сэрца Марыі малю аб навяртанні бедных грэшнікаў”.
Пасля па прыкладзе свайго нязвыклага Правадыра пастушкі штодзённа на працягу многіх гадзін, стоячы на каленях, узнагароджвалі Бога за зневажэнні, якія зазнае ў Найсвяцейшым Сакраманце.
nbsp;nbsp;nbsp; Падчас наступнага аб’яўлення, ушаноўваючы Найсвяцейшую Гостыю, з якой у келіх сцякалі кроплі Крыві, Анёл сказаў: “Прыміце Цела і Кроў Пана нашага Езуса, якія церпяць страшныя абразы ад няўдзячных людзей. Кайцеся за іх грахі і суцяшайце Бога нашага”. Дзеці, ажыўленыя сапраўднай верай ва ўтоеную Боскасць Езуса ў Эўхарыстыі, упалі на калені перад Анёлам, які затым удзяліў ім св. Камунію.
    Даверлівай і прыгожай любові да Хрыста ў Найсвяцейшым Сакраманце вучыць нас сама Марыя праз прыклад уласнага жыцця – пакорнага, поўнага веры, адданага Божай волі. Маці Збаўцы заўсёды скіроўвае людзей да свайго Сына, прагне весці да Яго. Такой была і мэта Яе аб’яўленняў у Фаціме. Папросім Марыю, Маці Эўхарыстыі, каб выпрасіла для нас ласку ўмілавання Найсвяцейшага Сакраманту, каб кожны нястомна чэрпаў з гэтай бясконцай крыніцы любові і міласэрнасці, беручы ўдзел у св. Імшы, прымаючы св. Камунію і як мага часцей наведваючы Хрыста ў касцёле.
   Пане Езу, ахвяруем Табе любоў Марыі, якая дапаўняе тое, чаго не хапае ў нашых сэрцах, каб маглі любіць Цябе ў Найсвяцейшым Сакраманце дасканалай любоўю Яе Беззаганнага Сэрца.