Санктуарый Маці Божай у Фаціме

Юбілей

Малітоўная плошча перад базілікай Маці Божай Ружанцовай

З нагоды 100-годдзя аб’яўленняў Марыі ў Партугаліі “Слова Жыцця” прапануе адправіцца ў віртуальнае падарожжа па адным з найбуйнейшых сусветных паломніцкіх цэнтраў – санктуарыі Маці Божай Фацімскай.
Сэрцам санктуарыя лічыцца капліца Аб’яўленняў. Пабудавана ў 1919 годзе па просьбе, якую выказала сама Панна Марыя. З 1920 года ў капліцы выстаўлена фігура Маці Божай, якая створана па вобразе, што бачыла і апісала візіянерка с. Луцыя дос Сантас. Фігура стаіць на пастаменце, устаноўленым на месцы, дзе рос дуб, над якім пастушкам аб’явілася Прыгожая Панна. Штогод 13 мая, у гадавіну аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме, фігуру выносяць да шматлікіх пілігрымаў на плошчу перад святыняй.
    У 1946 годзе фігура Панны Марыі Фацімскай была каранавана. Над каронай працавалі 12 майстроўювеліраў. Важыць яна каля 1,2 кг. Выраблена з чыстага золата, упрыгожана жэмчугам і каштоўнымі камянямі. У карону Панны Марыі таксама ўманціравана куля, якая трапіла ў папу Яна Паўла II падчас замаху на яго жыццё ў 1981 годзе. Тады ад смяротнага ранення Пантыфіка выратавала толькі тое, што ён азірнуўся на дзяўчынку ў натоўпе, якая трымала ў руках абраз Фацімскай Панны. Насупраць капліцы Аб’яўленняў размяшчаецца базіліка Маці Божай Ружанцовай.
Яна была пабудавана на месцы, дзе 13 мая 1917 года 3-ое пастушкоў убачылі бліскавіцу, якая іх напалохала. Калі ўжо сабралі статак авечак і вярталіся дадому, там ім аб’явілася Маці Божая. Будынак мае 70,5 м у даўжыню і 37 м у шырыню. Вітражы ў бакавых навах спасылаюцца на заклікі Ларэтанскай літаніі. Абраз у галоўным алтары адлюстроўвае аб’яўленне Маці Божай, якая зыходзіць на зямлю на сустрэчу з візіянерамі, падрыхтаванымі да гэтага Анёлам праз прыняцце Езуса ў Эўхарыстыі. Над галоўным уваходам у базіліку знаходзіцца мазаіка, якая адлюстроўвае каранацыю Святой Тройцай Найсвяцейшай Панны Марыі. Паўкругам святыню акружае каланада, дзе знаходзяцца 17 скульптур. Яны прадстаўляюць святых, супольнасці якіх маюць свае сядзібы ў Фаціме, а таксама тых, якія дзякуючы сваім сачыненням і пропаведзям заслужылі тытул “марыйных апосталаў”. Сярод іх – св. Антоній Падуанскі, св. Тэрэза Авільская, св. Ян ад Крыжа. Большыя фігуры маюць 3,2 м у вышыню, а меншыя – 2,3 м.
   
Партугалію называюць “краінай Фаду (народны музыкальны і танцавальны жанр), футбола і Фацімы”.

 Капліца Аб’яўленняў, пабудаваная на месцы, дзе пастушкі ўбачылі Марыю   Капліцу і базіліку злучае Малітоўная плошча, якая сваімі памерамі пераўзыходзіць плошчу перад базілікай св. Пятра ў Рыме. У знак асаблівага пакаяння вернікі спрабуюць прайсці па Дарозе пакутнікаў, якая цягнецца ўздоўж гэтай плошчы, на каленях. Пераадольваючы нялёгкі шлях, абмотваюць ногі тканінай, каб не параніцца аб камяні.
    Па абодвух баках Малітоўнай плошчы знаходзяцца будынкі рэкалекцыйных дамоў Маці Божай з гары Кармэль і Маці Божай Балеснай.
    У 1973 годзе ў санктуарыі паўстала базіліка Найсвяцейшай Тройцы. Вялікая святыня разлічана на 8,5 тысяч вернікаў. У прэзбітэрыі могуць канцэлебраваць каля 100-а святароў. Базіліка ўваходзіць у 5-ку самых вялікіх касцёлаў свету.
    Над галоўным уваходам у святыню на жалезнай сетцы падвешаны фігуры анёлаў, якія прыгадваюць аб’яўленні Анёла і запрашаюць увайсці ў святыню і пакланіцца Найсвяцейшай Тройцы. У базіліцы знаходзяцца шкляныя панэлі з 4-ма біблійнымі цытатамі, напісанымі на 27-мі мовах. У пярэдняй частцы алтара змешчаны фрагмент мармуру з магілы апостала Пятра, над якой пабудавана ватыканская базіліка. Гэты невялікі камень з’яўляецца бачным знакам еднасці з Паўсюдным Касцёлам.
  
Штогод у фацімскі санктуарый прыбывае каля 5-ці мільёнаў пілігрымаў з усяго свету.

    У падзямеллі святыні цягнуцца Галілеі Апосталаў – шырокі 150-метровы калідор, усходнюю сцяну якога пакрываюць керамічныя пліткі азулежу са сцэнамі з жыцця свсв. Пятра і Паўла. З яго можна ўвайсці ў капліцы Найсвяцейшага Сакраманту, Смерці Езуса, Уваскрасення Езуса, Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Беззаганнага Сэрца Марыі, а таксама ў залу св. Аўгусціна (шматфункцыйную выставачную пляцоўку). Базіліку Найсвяцейшай Тройцы акружае прастора, падзеленая на 2 плошчы: плошчу Яна Паўла ІІ і плошчу Пія ХІІ. Там усталяваны помнікі Пантыфікам, а таксама Вялікі Крыж (34 м у вышыню).
    На заходнім баку санктуарыя знаходзіцца Пастырскі цэнтр Паўла VI. Будынак названы ў гонар першага Папы, які прыбыў у пілігрымцы ў Фаціму.
    На Паўднёвым кальцы пачынаецца Крыжовы шлях, што праходзіць праз сцежкі, якімі часта хадзілі пастушкі-візіянеры са сваім статкам. Ён заканчваецца Кальварыяй з капліцай св. Стэфана.
    На тэрыторыі комплекса знаходзіцца Музей фацімскага санктуарыя, адкрыты ў 1955 годзе. Ён мае на мэце захаванне памятак, звязаных з гісторыяй аб’яўленняў і іх героямі. Цікаўнасць сярод пілігрымаў таксама выклікаюць дамы-музеі, у якіх нарадзіліся і жылі 3-ое дзцей-візіянераў. Яны знаходзяцца ў мясцовасці Алжуштрэл (каля 2-х км ад фацімскага санктуарыя).
    Па інтэрнэт-адрасе fatima.pt/pl/pages/transmisja-online можна трапіць непасрэдна да капліцы Аб’яўленняў і за тысячы кіламетраў памаліцца перад фігурай Маці Божай Фацімскай.