Фаціма і Божая міласэрнасць

Гісторыя - Юбілей

Месца аб’яўлення дзецям Анёла ў Фаціме

Пасланне аб Божай міласэрнасці і фацімскае пасланне Найсвяцейшай Маці можна лічыць аднымі з найбольшых ласкаў Неба для апошніх пакаленняў. Яны стаяць на той жа дарозе – дарозе да збаўлення, па якой ідуць людзі, што ўсведамляюць свае грахі, зламаныя ў сэрцы, пакорныя і тыя, у жыцці якіх ёсць месца для Бога.
У 1916 годзе пастушкам з Фацімы з’явіўся Анёл, каб падрыхтаваць сэрцы дзяцей да прыняцця паслання Белай Панны. Падчас 2-ой сустрэчы ён сказаў малым візіянерам: “Маліцеся! Шмат маліцеся! Найсвяцейшыя Сэрцы Езуса і Марыі хочуць аказаць Вам міласэрнасць”. І навучыў іх наступнай малітве: “Найсвяцейшая Тройца, Ойча, Сыне і Дух Святы. Ахвярую Вам Найсвяцейшае Цела і Кроў, Душу і Боскасць Пана нашага Езуса Хрыста, прысутнага на алтарах усяго свету, як узнагароду за знявагі, святатацтва і абыякавасць, якімі Яго абражаюць. Праз бясконцыя заслугі Яго Найсвяцейшага Сэрца і праз заступніцтва Беззаганнага Сэрца Марыі прашу аб ласцы навяртання бедных грэшнікаў”. У ліпені 1917 года Найсвяцейшая Панна аб’явіла дзецям Божы план міласэрнасці, праз які Усемагутны хоча выратаваць душы грэшнікаў ад пекла.
Ён заключаўся ва ўстанаўленні на свеце набажэнства да Яе Беззаганнага Сэрца. Гэтая поўная міласэрнасці місія збаўлення ахоплівае ўсіх вернікаў, якія выконваюць просьбы Маці Божай, што просіць аб малітве, ахвяры і актах падзякі. Таму Марыя, заахвочваючы дзяцей адгаворваць Ружанец, сказала ім прамаўляць пасля кожнай таямніцы: “О мой Езу, прабач нам грахі нашыя, захавай нас ад агню пякельнага, правядзі ўсе душы на неба і дапамажы асабліва тым, каму найбольш патрэбна Твая міласэрнасць”. Бо, як год таму сказаў Анёл, “Найсвяцейшыя Сэрцы Езуса і Марыі хочуць аказаць міласэрнасць”.
    Св. Фаустыну Бог рыхтаваў да місіі быць выбраным “начыннем” сваёй міласэрнасці праз фарміраванне яе сэрца ў духу фацімскага паслання, пра якое яна яшчэ нічога не ведала. Аднак, паддаўшыся натхненню Святога Духа, яна дазволіла весці сябе так, як запланаваў Пан. У “Дзённіку” манахіні чытаем, што для яе вельмі важным было навяртанне Расіі, Божая апека над Святым Айцом і ацаленне закаранелых грэшнікаў, а значыць дакладна тое, што з’яўляецца сутнасцю аб’яўленняў у Фаціме.
    У дзень сваіх манаскіх абяцанняў св. Фаустына скіравала да Хрыста 3 просьбы, верачы, што ў такі момант Пан ні ў чым ёй не адмовіць: “Езу, найдаражэйшы мой Абраннік, прашу Цябе аб трыумфе Касцёла, асабліва ў Расіі і Іспаніі, аб бласлаўленні для Святога Айца Пія ХІ і ўсяго духавенства, аб ласцы навяртання для закаранелых грэшнікаў” (Дз. 240). І ў фацімскім пасланні Найсвяцейшая Маці абвяшчала просьбу, скіраваную Богам, каб Папа прысвяціў Расію Яе Беззаганнаму Сэрцу. Такім чынам у свеце павінна была аб’явіцца “моц міласэрнай Любові”. Выконваючы гэтае заданне, Святы Айцец Ян Павел ІІ выразна спалучыў фацімскі зварот з праўдай аб Богу, багатым на міласэрнасць. Для яго даручэнне Беззаганнаму Сэрцу Марыі з’яўлялася “ахвяраваннем самой Любові, міласэрнай Любові”. Таму Пантыфік звяртаўся да Неба з магутным выклікам, у якім Беззаганнае Сэрца Марыі і Божая міласэрнасць накладваюцца адно на адно: “Няхай у гісторыі свету аб’явіцца бясконцая моц міласэрнай Любові! Няхай стрымае зло! Няхай пераўтворыць сумленні! Няхай у Беззаганным Сэрцы адкрые для ўсіх святло Надзеі!”.
Такім чынам, Божая міласэрнасць – гэта дар, які можам атрымаць праз заступніцтва Марыі, самай вернай вучаніцы Езуса. Фацімскае пасланне яшчэ раз заклікае ўсіх нас да ўразлівасці і ўвагі, а таксама запрашае, каб праз акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Маці Божай нанова наблізіцца да крыніц Міласэрнасці.