Фацімскі ўрок пакаяння

Гісторыя - Юбілей

Ад закліку да пакаяння і веры ў Евангелле распачаў сваю грамадскую дзейнасць сам Пан Езус: “Споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае: кайцеся і верце ў Евангелле!” (Мк 1, 15). Да пакаяння заахвочваў таксама апос- тал Пётр: “Дык пакайцеся і навярніцеся, каб знішчаныя былі грахі вашыя, каб прыйшла ад Пана гадзіна палёгкі, і каб паслаў Ён вам таго, хто быў прадказаны, – Езуса Хрыста, якога неба павінна было прыняць да часоў аднаўлення ўсяго, пра што спрадвеку казаў Бог вуснамі сваіх святых прарокаў” (Дз 3, 19–21). “Кайцеся!” – галоўны заклік фацімскага паслання, якое 100 гадоў таму ад Марыі пачуў цэлы свет.
Звяртаючыся да гісторыі аб’яўленняў у Фаціме, заўважаем, што першы заклік да пакаяння і прыняцця духоўных ахвяр скіраваў дзецям анёл супакою (вясна 1916 года). Навучыў іх тады малітве: “О, мой Божа, веру ў Цябе, праслаўляю Цябе, давяраю Табе, люблю Цябе. Прашу, прабач тым, хто не верыць, хто Цябе не праслаўляе, хто Цябе не любіць, хто Табе не давярае”. А затым сказаў: “Так маеце маліцца! Сэрцы Езуса і Марыі ўважліва слухаюць вашыя просьбы”.
Фацімскі заклік выразна і моцна паказаў нам сучасную праблему: указаў на драму граху, яго распаўсюджанне сярод людзей – цэлых супольнасцей і народаў. Гэтае пасланне было і надалей застаецца актуальным заклікам Бога, скіраваным да нас і сучаснага свету, каб нястомна клапаціліся аб праведнасці сумленняў і выбіралі тое, што прыемнае Пану.
    Гаворка не ідзе толькі пра адзінкавыя, перыядычныя, выпадковыя ўчынкі, але, у першую чаргу, пра паставу, што вынікае з прак- тыкавання цноты пакаяння. Гэта нястомнае выпрошванне праз малітву і пакутныя ўчынкі Божай міласэрнасці да сябе і іншых. У пасланні Марыя зрабіла выразны акцэнт на тым, што абавязковай з’яўляецца пакута не толькі за свае грахі, але і за грахі бліжніх і ўсяго грамадства. Адсюль вынікае неабходнасць прыняцця ахвяр, якія выпрошваюць ласку навяртання і з’яўляюцца ўзнагароджаннем за зло, за ўсю несправядлівасць, учыненую Богу і бліжнім, а таксама Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Кожны грэх мае грамадскае вымярэнне, крыўдзіць іншых, нават калі з’яўляецца патаемным учынкам адной асобы.
    100-ая гадавіна фацімскіх аб’яўленняў з’яўляецца добрай нагодай, каб паспрабаваць змяніць лёсы чалавецтва. На прыкладзе гісторыі XX стагоддзя бачым, што не спрыт палітыкаў і не ваенны патэнцыял у апошні час вырашаюць кірунак падзей. Ім не ўдалося ацаліць свет ад катастрофы 2-ух сусветных войнаў і панавання жорсткіх ідэалогій, аб якіх папярэджвала Марыя ў Фаціме. Шматлікія няшчасці маглі – і могуць таксама сёння – быць аддалены, калі людзі адвернуцца ад сваіх грахоў і пакаяцца.
   
    Наколькі важна і неабходна пакаянне?
    Па-першае: плён сапраўднага раскаяння карысны не толькі для таго, хто каецца, таму што пакутныя ўчынкі служаць многім людзям. Любое дабро мае грамадскае вымярэнне, калі не абмяжоўваецца адным чалавекам.
    Па-другое: калі чалавек каецца шчыра, а не па-фарысейску, адчувае, што яго сэрца становіцца лёгкім. Пан Езус сказаў: “Зважайце ж на сябе, каб сэрцы вашыя не былі абцяжараныя свавольным жыццём і п’янствам, і жыццёвымі клопатамі” (Лк 21, 34).
    Пакаянне не патрабуе надзвычайных дзеянняў, а толькі адрачэння ад граху і здзяйснення пакутных учынкаў: малітвы, посту і міласціны, а таксама ахвяравання Богу цяжкасцей штодзённага жыцця. Дзеці з Фацімы рабілі гэта амаль нястомна ў намеры грэшнікаў (напрыклад, церпячы ад смагі падчас спякотнага дня, калі пасвілі статак).
    У адказ на заклік Маці Божай давайце здзяйсняць у Вялікім посце пакутныя ўчынкі, бо нам вельмі неабходна разважлівасць і навяртанне, каб былі знішчаны грахі нашыя (параўн. Дз 3, 19).