10 цікавых фактаў з жыцця старэйшага святара Беларусі

Гісторыя - Юбілей

Сустрэча з папам Янам Паўлам ІІ стала незабыўнай падзеяй у жыцці святара

90-гадовы кс. прэлат Юзаф Трубовіч рыхтуецца адзначыць 60-годдзе прэзбітэрскіх пасвячэнняў. З іх 35 гадоў святар аддана служыць Касцёлу на Гродзеншчыне. З 1977 г. на працягу 11-ці гадоў працаваў у францішканскім касцёле. У 1992–1998 гг. – у катэдры. У той жа час рэгулярна наведваў вязняў у гродзенскай турме. У канцы 1998 г. быў пробашчам у Каменцы. З 1999 г. па сённяшні дзень выконвае святарскія абавязкі ў парафіі Гродна-Паўднёвы.
А ці ведалі Вы, што кс. Юзаф Трубовіч валодае 9-цю мовамі? А тое, што ён 7 гадоў спаў на дошцы са скрынкай з фанеры пад галавой? Спецыяльна для “Слова Жыцця” святар распавядае некаторыя цікавосткі са свайго жыцця.
   
   
   1. Залічаны адразу на 2-гі курс семінарыі
    Для паступлення ў Рыжскую духоўную семінарыю неабходна было скончыць сярэднюю школу. Я спрабаваў туды паступіць штогод, пачынаючы з 9-га класа. А калі скончыў 12 класаў, семінарыю закрылі. Каб не марнаваць часу, я пачаў працаваць у Рызе на фабрыцы серыйнага будаўніцтва шматкватэрных дамоў, затым паступіў у радыётэхнічны тэхнікум. Неўзабаве аднавіла дзейнасць семінарыя. Я зноў спрабаваў залічыцца, на што рэктар параіў спачатку скончыць тэхнікум. Я адказаў: “Баюся, семінарыю зноў зачыняць”. У красавіку 1952 г. мяне прынялі на вучобу адразу на 2-гі курс. Быў вельмі шчаслівы! Семінарыйная фармацыя дала мне асновы і правілы аскетычнага жыцця, пазнанне навукі Езуса Хрыста, якую абвяшчае Касцёл, ацэнку праўды ў параўнанні з іншымі канфесіямі, сектамі і свецкімі ісцінамі, а таксама разуменне Божай праўды “Я ёсць, каторы ёсць”.

 

2. Каля 20-ці гадоў служыў у Латвіі
    У 1956 г. я скончыў семінарыю і ўжо праз 14 дзён пасля прыняцця святарскага пасвячэння быў неадкладна пасланы ў парафію ў Ліепаю на балтыйскім узбярэжжы Латвіі. На працягу 6-ці гадоў працаваў там разам з генеральным вікарыем кс. Юльянам Вайводсам. Адтуль быў пераведзены ў парафію Курменэ. Там і яшчэ на двух прылеглых пляцоўках служыў на працягу 14-ці гадоў. Дарэчы, у Латвіі католікі складаюць палову жыхароў краіны. Рэшта – лютэране, праваслаўныя і сектанты, пераважна баптысты. Вернікі асаблівым чынам ушаноўваюць Найсвяцейшую Маці, таму гэтую краіну называюць яшчэ “Зямлёй Марыі”. У Аглоне ёсць базіліка, дзе знаходзіцца цудатворны абраз Маці Божай. У 1995 г. латвійскі парламент прыняў пастанаўленне “Аб санктуарыі міжнароднага значэння ў Аглоне”. Штогадова ў жніўні туды прыбываюць пілігрымы з розных мясцін Латвіі і ўсяго свету.
   
    3. Працаваў прэфектам семінарыі ў Рызе
    У 1988 г. кс. кардынал Юліян Вайводс, які быў маім першым пробашчам непасрэдна пасля пасвячэння, прызначыў мяне на пасаду прэфекта (першапачаткова гэта функцыя называлася “інспектар”) Рыжскай вышэйшай духоўнай семінарыі, дзе я працаваў амаль 4 гады. Нягледзячы на тое, што працы было шмат, выконваць гэтыя абавязкі мне вельмі падабалася. З вялікім задавальненнем і радасцю мы прымалі кандыдатаў. Яны былі вельмі стараннымі, паколькі трапіць у семінарыю тады было складана. За час маёй паслугі прэфекта ў семінарыі пасвячэнні там прынялі каля 20-ці хлопцаў з Беларусі. Хрыстовы Касцёл абапіраецца на святароў, якіх я называю “чорныя мурашкі”. У нас ёсць Святы Айцец – галава Касцёла, ёсць біскупы, якія кіруюць мясцовым Касцёлам. Але калі б не было святароў, каго б тады ўзначальвалі і кім кіравалі? Нездарма сам Езус пабуджае верны люд прасіць Нябеснага Айца, каб паслаў работнікаў на вялікае жніво.
   
  Падчас кожнай Эўхарыстыі святар дзякуе Богу за сваё пакліканне  4. Асаблівым чынам
      шануе Маці Божую

    Найсвяцейшая Маці нястомна дапамагае сваім дзецям. Я заклікаю Яе з 1954 г., калі ў семінарыі трапіў на Навэнну да Маці Божай Нястомнай Дапамогі. “О, мая Пані, мая Маці, памятай, што я Твой. Ахоўвай мяне і барані як сваю рэч і ўласнасць”. Вялікай падтрымкай з’яўляецца для мяне і Вязень Любові ў табернаклі, аб якім я ніколі не забываюся. І Найсвяцейшая Тройца, якая па-асабліваму прысутнічае ў парафіяльным касцёле ў маёй роднай мясцовасці ў Плюсах (знаходзіцца на адлегласці 250 км ад Рыгі і 480 км ад Гродна, Віцебская вобласць – заўв. рэд.).
   
    5. Вёў аскетычнае жыццё
    Яшчэ будучы вікарыем, а потым і пробашчам, на працягу 13-ці гадоў я спрабаваў не есці мяса. 7 гадоў спаў на дошцы з фанернай скрынкай пад галавой, у якую ўклаў рэліквіі св. Францішка з Асізі. З 1956 па 1991 г. свядома спаў толькі 6 гадзін у суткі замест патрэбных 8-мі. Такім чынам я зэканоміў 3 гады 75 дзён. Не ведаю толькі, як гэта паўплывала на здароўе... У выніку дадаў да свайго жыцця 7 гадоў: на 4 гады скараціўшы час навучання і на 3 – час сну.
   
    6. Напісаў дзве кнігі
    Назіраючы за жыццём чалавека, які губляе паняцце аб сваёй мэце, я напісаў першую кнігу пад назвай “Дарога звычайнага жыцця”. Гэта своеасаблівы род маёй біяграфіі. Другую кнігу напісаў, бо сёння чалавек і свет вельмі часта адыходзяць ад праўды. Нават не шукаюць яе. А гэта ж Бог з’яўляецца Праўдай! Адсюль мая другая кніга – “Чаму аб праўдзе і рэчаіснасці”. Збіраўся напісаць яшчэ адну, але пакуль што гэтаму не спрыяюць абставіны.
   
    7. Ведае шмат моў
    Раней я вывучаў некаторыя замежныя мовы: нямецкую, англійскую і французскую. Але калі зразумеў, што нідзе іх не выкарыстаю (паколькі за мяжу не выпускалі), закінуў усё гэта. Пры мне засталіся толькі польская, руская, беларуская, латвійская, літоўская, часткова лацінская і англійская. У вечнасці, хіба, і гэтыя не спатрэбяцца. Будзе агульная мова зразумення.
   
    Некалькі тысяч дзяцей прынялі з рук ксяндза Першую св. Камунію8. Атрымаў тытул прэлата
    У студзені 1988 г. Святы Айцец Ян Павел ІІ залічыў мяне да сваіх капеланаў. Ніколі не шукаў годнасцей і не дабіваўся гэтага. Ведаю толькі адно: я такі, які ёсць перад Богам.
   
    9. Хутка адзначыць
     60-годдзе святарскіх
     пасвячэнняў

    Гэта добрая спадчына. Але той, хто пражыў столькі гадоў, не бачыць тут нічога дзіўнага. Ніколі не думаў пра веліч святарскага шляху. Мяне проста штосьці падштурхоўвала да гэтай паслугі: без маіх разважанняў, нягледзячы на вялікія цяжкасці. Нават часы прыніжэння веры і рэлігіі не стрымлівалі мяне. Імкнуўся да гэтага. Ведаў, кім хачу стаць, яшчэ з дзяцінства, калі быў міністрантам. Ці абраў бы іншы жыццёвы шлях? Мой адказ адназначны: гэтую дарогу я ніколі б не хацеў не толькі памяняць, але і страціць.
   
    10. Ні аб чым не шкадуе
    У сур’ёзных рэчах мне няма аб чым шкадаваць. Я заўсёды баяўся граху, нават самага маленькага. А ў жыццёвых справах спрабаваў выправіць тое, што было магчыма. Усюды трэба бачыць Божую волю, бо так і ёсць. Ніколі не сумняваўся, што Пан усім кіруе. Няраз праз чалавека ў справу ўмешваецца д’ябал, аднак вынік усё ж будзе такім, якога хоча Бог.
   
“Праслаўляючы Пана Бога, Адзінага ў Тройцы, за ўсе атрыманыя ласкі, 1 кастрычніка ў 12.00 у катэдральнай базіліцы св. Францішка Ксаверыя ў Гродне я складу Ахвяру ўдзячнасці за 60 гадоў святарскай паслугі. У гэты ж дзень узначалю Эўхарыстыю ў 19.00 у гродзенскім касцёле Беззаганнага Зачацця НПМ, дзе служу на працягу апошніх 16-ці гадоў.
    Сардэчна запрашаю ўсіх, каго на працягу свайго святарскага жыцця хрысціў, рыхтаваў да першай споведзі і святой Камуніі, сакраманту канфірмацыі, каму спадарожнічаў пры заключэнні сакраментальнага сужэнскага саюза, а таксама тых, з кім супольна праслаўлялі і надалей праслаўляем Пана Бога Трыадзінага”.