На той час было вядома тры выявы жыровіцкай іконы Божай Маці, якія праславіліся цудамі.
Першая – каменная, якая цудоўна з’явілася ў XV стагоддзі і знаходзілася ў Жыровічах.
Другая – ікона-фрэска з базыліянскай царквы св. Сяргея і Вакха ў Рыме.
Трэцяя (мастацкая копія другой) была напісана на палатне, як копія рымскай іконы-фрэскі.
Гэтая ікона была каранавана папскімі каронамі і зараз знаходзіцца ў Слоніме, у касцёле св. Андрэя.
Рашэнне «ўзлажыць на галаву Богадзіцяці Ісуса і Багародзіцы Дзевы ў г. Жыровіцах у царкве айцоў ордэна св. Васіля, Кіеўскага дыяцэза, залатыя кароны» было прынята ў 1726 годзе падчас пантыфікату папы Бэнэдыкта ХІII (29 V 1724 – 21 II 1730).
Гэта была першая каранацыя папскімі каронамі абраза Божай Маці на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
На працягу стагоддзяў перад гэтай іконай маліліся грэка-католікі (уніяты), рыма-католікі, праваслаўныя. Жыровіцкая Заступніца стала сапраўды Маці еднасці хрысціянаў.
†