Пілігрымка на пагорак Надзеі

Дыяцэзія

Фотарэпартаж
Згодна з традыцыяй 2 мая б.г. у дыяцэзіяльны дзень Маці адбылася чарговая пешая пілігрымка ў санктуарый імя Яснагурскай Божай Маці, якая цярпліва нас слухае на пагорак Надзеі ў Капцёўку. Паломніцтва пачалося ў 7.00 гадзінаў у францысканскім касцёле св. Імшой, галоўным цэлебрантам якой быў кіраўнік паломніцтва кс. Міхал Ластоўскі. Па дарозе ў санктуарый клерык ВДС з Гродна Ян Раманоўскі правёў канферэнцыю пра мацярынскую годнасць Марыі. Усіх вельмі ўзрушылі два расказы аб жыцці сястры-назарэтанкі і сястры з трэцяга францысканскага ордэну. Ансамбль “Ave” суправаджаў вернікаў Марыйнымі спевамі. Упершыню ў паломніцтве ўдзельнічалі ўсе алюмны ВДС з Гродна. Айцец Юзаф Макарчык OFMConv правёў канферэнцыю пра тытулы Божай Маці. У праграме паломніцтва быў таксама прадугледжаны вяночак да Божай Міласэрнасці і Крыжовы шлях вакол санктуарыя імя Яснагурскай Божай Маці. Цэнтральны пункт паломніцтва – св. Імша, галоўным цэлебрантам якой быў біскуп Аляксандр Кашкевіч. У гаміліі ён падкрэсліў, як важна было ўстанавіць у Капцёўцы санктуарый імя Яснагурскай Божай Маці як Апякункі ўсіх маці.