Ці можна не захоўваць пост жанчыне пасля нараджэння дзіцяці?

Задай пытанне

Калі спытаць у вернікаў, у чым заключаецца пост, найчасцей можна пачуць: “Не есці мяса”. Аднак кананічнае права Касцёла ў кан. 1249 акрэслівае пост як асаблівую малітву, учынкі, зробленыя з набожнасцю і любоўю, больш дбайнае выкананне абавязкаў, а таксама дабравольныя пастановы і ўстрыманне паводле прапісаных норм. Што датычыцца посту як устрымання ад ежы, на працягу ўсяго года ў кожную пятніцу трэба ўстрымлівацца ад мясных страў (акрамя пятніц, на якія прыпадае ўрачыстасць), а ў Папялец і Вялікую пятніцу захоўваць сціслы пост.
Час Вялікага посту – гэта не дыета і не самапрыніжэнне, а час набліжэння да Бога і адкрывання годнасці самога сябе і бліжняга. І як вынік – час лепшага разпазнання Божай волі і стараннага выканання Божых загадаў. Разумная хрысціянская разважлівасць пабуджае нас да балансіроўкі ў выкананні загадаў, наказаў і забарон. Таму, напрыклад, робячы вялікі акцэнт на служэнні ўбогім, можна нядбайна адносіцца да сваёй сям’і. І, калі неразважліва пасціцца, устрымліваючыся ад ежы, можна нашкодзіць свайму здароўю. Пазнаючы сваю фізіялогію і прыслухоўваючыся да парад медыкаў і іншых спецыялістаў, у дадзеным выпадку трэба, паводле ўласнага сумлення, рабіць так, каб гэта не прыносіла шкоды ні духоўнай (калі без прычыны занядбоўваць пост), ні фізічнай (калі пасціцца, падвяргаючыся рызыцы).