Як Касцёл ставіцца да гіпнозу?

Зваротная сувязь - Задай пытанне

Спачатку важная інфар­мацыя на тэму дадзенай з’явы. Чалавек можа падпасці пад гіпноз нават супраць сваёй волі і сумлення. Паводле статыстыкі, 10% людзей не ўпадаюць у гіпнатычны транс, 40% паддаюцца лёгкаму гіпнатычнаму трансу, 25% уваходзяць у сярэдні гіпнатычны транс, 25% – у глыбокі. Паўсюдная думка, што чалавек з моцнай мараллю і добрым сумленнем не паддаецца гіпнозу, абуджае сумненні. Калі такі чалавек можа паддацца гіпнозу, тады наступствы цяжка падлічыць. Падатлівы ўнушэню чалавек можа выканаць любы загад. З гіпнозам звязаны таксама галюцынацыі, існуе рэгрэсія жыцця, можна выклікаць глыбока падаўленыя ўспаміны, напрыклад, загіпнатызаванага чалавека ўвесці ў стан немаўляці. Чалавек можа ўпадаць у гіпноз нават першапачаткова прытвараючыся, што паддаецца гіпнацізёру, а пазней гэтае прытворства бязвольна пераходзіць у давер, і такі чалавек упадае ў гіпнатычны сон. Прычынай такога сну могуць быць працэсы, якія адбываюцца ў мозгу. Пры гіпнозе мы маем справу з вылучэннем шэрага рэчыва, так як гэта адбываецца падчас натуральнага працэсу засынання. Сёння, на жаль, назіраецца своеасаблівая мода на гіпноз. Вельмі часта яго выкарыстоўваюць нават урачы.
Святое Пісанне адназначна гаворыць аб спірытычных практыках: “Не павінен быць у цябе той, хто б правёў праз агонь свайго сына ці дачку, займаўся варажбой, заклёнамі, прадказаннямі і чарамі; ніхто, хто б заклінаў, пытаў духаў і прывідаў, звяртаўся да памерлых. Бо агідны Богу кожны, хто робіць гэта” (Дрг 18, 10–12).
    Касцёл не ўжывае гіпноз як сродак аздараўлення ран з мінулага, ён выкарыстоўвае іншыя метады. Катэхізіс таксама прыгадвае: “Карыстанне гараскопамі, астралогіяй, хірамантыяй, тлумачэнне прадказанняў і варажбы, з’явы празорлівасці, зварот да медыумаў з’яўляюцца праяўленнямі жадання панавання над часам, гісторыяй і, урэшце рэшт, над людзьмі, а адначасова жаданнем з’яднання ў сабе таемных сіл. Гэтыя практыкі спрэчныя з пашанай, (...) якая належыць толькі Богу” (ККК 2116).
    Стаўленне каталіцкага Касцёла да гіпнозу застаецца адкрытым, паколькі ў даследаванні гэтай з’явы бяруцца пад увагу навуковыя крытэрыі. Аднак Касцёл засцерагае, што, падобна як у выпадку іншых слаба даследаваных з’яў, звязаных з псіхікай, справа можа дайсці да шматлікіх злоўжыванняў. Гаворка ідзе асабліва аб інтэрпрэтацыі гіпнозу ў духу “New Age”, звязваючы яго з псеўданавукамі, спірытызмам, халістычнай медыцынай, індуізмам, рэінкарнацыяй, астральнай камунікацыяй, акультызмам, парапсіхалогіяй і да т.п.