Калі мы ўдзельнічаем у абрадзе бласлаўлення нейкіх прадметаў ці рэчываў, то варта ведаць, які ў гэтым сэнс. Звычайна непасрэдна перад бласлаўленнем святар або дыякан растлумачвае, для чаго гэта робіцца. Праз малітву Касцёла на прадметы зыходзіць Божае бласлаўленне, і такім чынам яны атрымліваюць новае значэнне. Яны становяцца знакамі Божай прысутнасці ў свеце.
Нельга прадаваць або выкідваць блаславёныя прадметы. Мы можам іх падарыць блізкаму або знаёмаму чалавеку. Калі блаславёныя рэчы былі пашкоджаны і няма магчымасці іх аднавіць, то варта дэмантаваць ці спаліць тое, што гарыць. Напрыклад, вербачкі з Пальмовай нядзелі спальваюць, а гэтым попелам потым пасыпаюць галовы ў Папяльцовую сераду. Аднак гэта не датычыцца выпадкаў, калі пры бласлаўленні нейкага прадмета асвячаецца сама дзейнасць, якая адбываецца пры яго дапамозе, а сам ён не служыць Божаму культу, як, напрыклад, у выпадку бласлаўлення транспартных сродкаў.
Вяртаючыся да абраду бласлаўлення рэчаў, варта падкрэсліць, што сам гэты абрад часта падказвае, што нам з імі рабіць. Свечку мы запальваем як знак нашай малітвы і ахвяры, даём у руку паміраючаму і гэтак далей. Хлеб святой Агаты на нашых землях прынята браць з сабой у падарожжа або захоўваць у дамах, спалучаючы з гэтым малітву аб захаванні ад небяспекі. Калі ў нас узнікаюць сумненні, для чаго неабходны тыя або іншыя блаславёныя рэчы і як іх захоўваць, варта проста запытацца ў аўтарытэтных асоб ці звярнуцца да правераных крыніц ведаў. Многія інтэрнэт-крыніцы і друкаваныя выданні падаюць непраўдзівую інфармацыю на гэты конт. †