Што сімвалізуе баранак на велікодным стале?

Задай пытанне

На нашым велікодным стале шмат розных страў і элементаў, пра якія мы ведаем вельмі мала, але якія маюць багатую сімволіку. Напрыклад, многія з нас ставяць на стале велікоднага баранка, спечанага з мукі ці штучнага. Баранак з’яўляецца сімвалам самога Хрыста. Старазапаветная фігура, якая прыгадвае нам памазаныя кроўю баранка дзверы дамоў ізраільцян, для таго, каб Бог ацаліў першародных ад смерці, а таксама іншыя фрагменты Старога Запавету гавораць нам пра баранка. Напрыклад, мы знаходзім яго пры ахвяры Аўраама. Праз кроў Баранка Езуса кожны з нас быў выратаваны. Гэта таксама літургічны сімвал Вялікадня: баранак з чырвонай харугвай сімвалізуе муку, смерць і ўваскрасенне Езуса. На Велікодныя святы падчас спеву “Gloria” з большым малітоўным настроем мы будзем спяваць словы: “Баранак Божы, які бярэш на сябе грахі свету, змілуйся над намі”. Велікодная прэфацыя таксама прыгадвае нам, што “Хрыстос быў ахвяраваны як наша Пасха, бо Ён сапраўдны Баранак, які ўзяў на сябе грахі свету”, а таксама малітва перад Камуніяй: “Вось Баранак Божы...”. Баранак быў элементам свянцонага ўжо ў VII стагоддзі, яго таксама ставілі на сталах з велікодным сняданем.
Гэты звычай афіцыйна ўвёў у традыцыю Касцёла папа Урбан V (19 XII 1370). У іканаграфіі баранак таксама з’яўляецца атрыбутам многіх святых, сярод якіх св. Агнешка, св. Францішак з Асізі, св. Ян Хрысціцель. Згодна з даўняй традыцыяй, у дзень св. Агнешкі (21 студзеня) у базіліцы яе імя ў Рыме асвячаюцца два баранкі, якіх затым складаюць у дар Папе; з іх воўны потым ткуць паліі. Баранак Божы і яйка, каляровыя ўбранні, гучанне званоў і рэзурэкцыйная працэсія выражаюць радасць новага жыцця ва ўваскрослым Хрысце.