Чаму пратэстанты хрысцяць дарослых, а католiкi – дзяцей?

Задай пытанне

kulaha
Напачатку трэба заўважыць, што ў Каталіцкім Касцёле хрост удзяляецца не толькі дзецям, але і дарослым, якія яшчэ не былі ахрышчаны ў імя Найсвяцейшай Тройцы. Такім чынам правільным будзе сказаць, што католікі хрысцяць дзяцей і дарослых.
    У пратэстантаў іншае разуменне сакрамантаў і – у выніку – іншае ўспрыманне і практыкаванне веры.
    Навучанне Каталіцкага Касцёла грунтуецца на Святым Пісанні і Традыцыі, якая сягае пачаткаў супольнасці вернікаў і фарміравалася на працягу першых стагоддзяў хрысціянства. Касцёл працягвае выконваць наказ Хрыста: “Ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Святога Духа” (Мц 28, 19) – абвяшчаючы сучаснаму чалавеку словы Збаўцы: “Хто паверыць і ахрысціцца, будзе збаўлены, а хто не паверыць, будзе асуджаны” (Мк 16, 16).
У Традыцыі Касцёла хрост з’яўляецца падмуркам хрысціянскага, духоўнага жыцця ў супольнасці вернікаў і брамай, неабходнай для збаўлення (параўн.: Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, 1213). Менавіта праз хрост чалавек сустракаецца з Богам у Найсвяцейшай Тройцы і становіцца ўсыноўленым Божым дзіцём. Абмыванне хрысцільнай вадою вызваляе ад першароднага граху і надзяляе ласкай, неабходнай для збаўлення.
    Ва ўводзінах да парадку хросту знаходзім вельмі яснае абгрунтаванне каталіцкай практыкі ўдзялення хросту: “Касцёл, які атрымаў місію евангелізацыі і хрышчэння, ужо з першых стагоддзяў хрысціў не толькі дарослых, але таксама і немаўлят. Бо словы Пана: «Калі хто не народзіцца з вады і Духа, не можа ўвайсці ў Божае Валадарства» (Ян 3, 5), – ён заўсёды разумеў такім чынам, што дзяцей нельга пазбаўляць хросту, паколькі іх хрысцяць у веры таго самага Касцёла, якую абвяшчаюць бацькі, хросныя і іншыя прысутныя. Менавіта яны прадстаўляюць як мясцовы Касцёл, так і ўсю супольнасць святых і вернікаў – Касцёл, нашую Маці, якая ўся нараджае ўсіх і кожнага паасобку” (Парадак хросту дзяцей, Уводзіны, 2).
    У Каталіцкім Касцёле, падобна як і ў Праваслаўнай Царкве, хрост удзяляецца немаўлятам у перакананні, што вера – гэта найвялікшы дар, які бацькі могуць дапамагчы атрымаць сваім дзецям. У катэхезе, прысвечанай таямніцы хросту, Святы Айцец Францішак сказаў: “Некаторыя людзі думаюць: для чаго хрысціць дзіця, якое нічога не разумее? Мы думаем, што яно вырасце, зразумее і само спытае пра хрост. Але гэта азначае адсутнасць даверу да Святога Духа, бо калі мы хрысцім дзіця, у яго ўваходзіць Святы Дух і ад самага маленства дапамагае ўзрастаць у ім хрысціянскім цнотам, якія потым рас- квітнеюць” (Папа Францішак, Хрост – гэта другі Дзень нараджэння).