Як выглядае медалік св. Бенедыкта?

Задай пытанне

Традыцыйны медалік св. Бенедыкта, які называюць таксама Крыжом св. Бенедыкта, паходзіць з 1664 года. Выявы на ім былі зацверджаны Апостальскай Сталіцай у 1857 годзе. У адпаведным дакуменце адзначана, што, карыстаючыся медалікам св. Бенедыкта і молячыся праз заступніцтва святога, можна выпрасіць у Бога шматлікія ласкі, асабліва абарону ад злога духа.
    На аверсе медаліка размяшчаецца выява св. Бенедыкта, які ў правай руцэ трымае крыж, а ў левай – манаскі статут. Злева ад святога ляжыць інфула – знак улады ордэна бенедыкцінцаў, а справа сядзіць крумкач. Таксама бачны надпіс: “Crux Sancti Patris Benedicti” (“Крыж святога айца Бенедыкта”).
На рэверсе – вялікі крыж, а на ім адпаведным чынам размешчаны першыя літары лацінскіх слоў, якія раскрываюць значэнне самога медаліка. Такім чынам, у 4-ох палях, падзеленых знакам крыжа, знаходзяцца наступныя знакі: CSPB (“Crux Sancti Patris Benedicti” – “Крыж святога айца Бенедыкта”). На вертыкальнай бэльцы Крыжа, зверху ўніз: CSSML (“Crux Sancta Sit Mihi Lux” – “Няхай мне свеціць Крыж Святы”). На гарызантальнай бэльцы: NDSMD (“Non Draco Sit Mixi Dux” – “Няхай згіне старажытны змей злы”). Вакол крыжа: VRSNSMV (“Vade Retro Satana, Non Suade Mihi Vana” – “Сатана няхай сыдзе, мітусня ў мяне не ўвойдзе”), SMQLIVB (“Sunt Mala Quae Libas Ipse Venena Bibas” – “Злом мяне не спакусіць, кубак атруты сам асушыць”).
    Калі медалік кардынальна адрозніваецца ад вышэйзгаданага апісання, лепш ім не карыстацца. Па-першае, ён можа не мець пацверджання Апостальскай Сталіцы. Па-другое, можа змяшчаць акультныя і масонскія выявы, што нясе небяспеку для хрысціяніна.