Як не падаць духам, калі не бачыш плёну малітвы?

Задай пытанне

Малітва павінна быць дыялогам з Богам, а не маналогам ці патрабаваннем. Малітва – гэта сяброўская размова з Тым, пра каго ведаем, што Ён нас любіць. Варта таксама памятаць, што хоць мы і з’яўляемся дзецьмі Божымі, але ж застаёмся стварэннямі недасканалымі, якія нават падчас малітвы падуладныя сваім упадабанням і суб’ектыўнасці. Менавіта таму Пан Езус, пакідаючы нам праз Апосталаў малітву “Ойча наш…”, змясціў у ёй словы “будзь воля Твая”. Каб малітва была плённаю, варта даверыць апошняе слова Найвышэйшаму, які ўсё ведае лепш за нас. У малітве трэба імкнуцца не столькі бачыць яе плады, колькі ўмацоўвацца ў веры, надзеі і любові.
Прасцей кажучы, нашае заданне – не ўпасці духам, а плён малітвы неабходна пакінуць Божаму Провіду. Дарэчы, здолеем яго ўбачыць і распазнаць толькі ў вечнасці, калі зможам паглядзець на нашае жыццё праз прызму Божай святасці і ўсемагутнасці. І нават калі Найвышэйшы выслухаў пэўную малітву, усё роўна трэба маліцца. Асабліва, калі малітва датычыць родных і блізкіх. Бог шануе нашу вольную, хоць і слабую волю, таму трэба вучыцца найперш шанаваць Яго волю – святую і ўсемагутную.
    Звернем увагу на некалькі неабходных умоў для таго, каб малітва была шчырай і вернай. Любоў. Без любові няма сяброўства. Малітва – гэта любоў Бога да чалавека і чалавека да Бога.
    Утаймаванне. Жыццё малітвы патрабавальнае. Нельга размаўляць адначасова і з Богам, і са светам. У малітве павінен быць зварот да Бога. Калі так не атрымліваецца, трэба спрабаваць нанова: паступова ўтаймоўваць сваю волю і жаданні.
    Непахіснасць. Трэба не пакідаць аднойчы абранага шляху малітвы. Бог не ламае нашу волю – Ён дае столькі, наколькі мы Яму давяраем. Непахіснасць павінна спалучацца з даверам. Рэгулярная медытацыя вядзе да паглыблення малітвы, таму варта выпрацоўваць у сабе гэты навык.
    Пакора. Хрысціянская малітва з’яўляецца дарам ласкі, а не плёнам уласных здольнасцей. Св. Тэрэза ад Дзіцятка Езус вучыць нас станавіцца перад Богам з пустымі рукамі. Важна прызнанне сваёй грэшнасці і цнота пакоры ў падрыхтоўцы душы да сузірання. Калі ёсць самаўпэўненасць, ёсць і стомленасць ад малітвы. У сузіранні заключаецца наша сувязь з Панам Богам, якая ператвараецца ў сяброўства.
    Пан Езус ніколі не абяцаў тут, на зямлі, лёгкага і бесклапотнага жыцця, наадварот, казаў пра выпрабаванні і неабходнасць чування. Таму мы, хрысціяне, як ніхто іншы на гэтым свеце, пакліканы самім Божым Сынам да таго, каб заўсёды маліцца і ніколі не падаць духам. Хто вытрывае да канца, той будзе збаўлены (параўн. Мц 24, 13).