Ці можа чалавека надзяліць звышнатуральнымі здольнасцямі не Бог, а злы?

Задай пытанне

Чалавек не можа самастойна ўзгадаваць у сабе звышнатуральныя здольнасці, а значыцца, нехта яго імі надзяліў. І цалкам магчыма, што жанчына, якая моліцца перад абразамі, абяцаючы вылячыць ад усіх немачаў, атрымала здольнасці зусім не ад Бога.
    Калі нам даводзіцца назіраць за пэўнымі надзвычайнымі рэчамі, якія здзяйсняе чалавек, трэба, перш за ўсё, спытаць сябе: з дапамогай якой сілы ён гэта робіць? Каб адказаць на дадзенае пытанне, неабходна ведаць асобу, яе жыццё і адносіны з Богам. Старонні чалавек можа гэтага не ведаць. Лепш за ўсё такія рэчы распазнаюць святары, якія добра знаёмы са сваімі парафіянамі.
Таму я не раю давяраць “бабкам”, якія “лечаць”, адгаворваючы нават знаёмыя нам малітвы і пры гэтым здзяйсняючы які-небудзь рытуал. У народзе часта кажуць: “Лечыць ад рожы, і гэта дар Божы”. Моцна сумняваюся, што Бог дае такую “вузкую спецыялізацыю”, і лічу, што ў падобных выпадках гаворым пра дар ад д’ябла. Нельга забывацца пра тое, што Езус прарочыў прыход ілжэпрарокаў і антыхрыста, якія будуць зводзіць людзей цудамі.
    У той самы час існуюць сітуацыі, калі Усявышні надзяляе чалавека надзвычайнымі ласкамі. Біблія называе іх харызмамі. Як правіла, падобныя дары атрымлівае асоба, якая па прыкладзе першых хрысціян або Апосталаў займаецца евангелізацыяй. Але нават у гэтых выпадках нельга дакладна сказаць, што чалавек мае Божы дар аздараўлення. Госпад па вядомай толькі Яму прычыне часам жадае праявіць праз свайго паслядоўніка той ці іншы цуд.