Ці ўсе грахі могуць быць прабачаны?

Задай пытанне

Святое Пісанне гаворыць пра тое, што існуе грэх, які ніколі не будзе прабачаны чалавеку ні ў зямным жыцці, ні ў вечнасці. Біблія называе яго грахом супраць Святога Духа (параўн. Мц 12, 31–32; Мк 3, 28–29; Лк 12, 10; 2 П 2, 20–22; Гбр 6, 4–6. 10, 26–29). Але ў чым канкрэтна ён заключаецца? Знайсці адказ на пытанне нам дапамагае Катэхізіс каталіцкага Касцёла (ККК, 1864).
    Ёсць падрабязнае апісанне 6-ці праяўленняў граху супраць Святога Духа:
    1. Грашыць, празмерна спадзеючыся на Божую міласэрнасць;
    2. Упадаць у роспач або сумнявацца ў Божай ласцы;
    3. Супраціўляцца спазнанай праўдзе веры;
    4. Зайздросціць бліжняму, які мае Божую ласку;
    5. Заставацца закамянелым у грахах;
    6. Адкладаць пакаянне ажно да смерці.
    Калі разважаць пра сутнасць гэтых праяўленняў граху, можна заўважыць, што ўсе яны зводзяцца да 2-юх крайнасцей. Умоўна іх можна назваць фальшывым духоўным аптымізмам і фальшывым духоўным песімізмам.
    У першым выпадку чалавек не ўстрымліваецца ад граху, бо лічыць, што Бог абавязкова яму прабачыць.
    У другім выпадку – таксама не ўстрымліваецца ад граху, але ўжо з адваротнай матывацыяй: ён лічыць, што Бог яму ніколі не прабачыць.
Здаецца, у сучасным свеце асабліва папулярнае першае з узгаданых праяўленняў: жыць у граху, празмерна спадзеючыся на Божую міласэрнасць. Людзям прыемна ўсведамляць, што Усявышні іх любіць заўсёды, усюды, незалежна ад акалічнасцей. Аднак чалавек, які трывае ў граху і суцяшае сябе надзеяй на Божую міласэрнасць, становіцца ахвярай уласнага эгаізму. Ён лічыць, што можна грашыць, бязмежна выкарыстоўваць любоў Створцы – аж нават да таго, што перакінуць на Усемагутнага клопат аб выратаванні, а самому нічога пры тым не рабіць, разбураць, свавольнічаць.
    Гэта тыповыя паводзіны капрызнага дзіцяці, якое не ўмее любіць і не жадае змяняцца. Адсутнасць спачування, ахвярнасці, няўменне валодаць сабою такі чалавек прыкрывае прыгожымі словамі пра сваю слабасць і бязмежнасць Божай міласэрнасці. Аднак яго ўчынкі сведчаць пра тое, што ён не шануе ні Бога, ні сябе. Варта ўсведамляць, што ўсё вырашаюць не красамоўныя прамовы пра Збаўцу, любоў і спадзяванні, а канкрэтныя дзеянні, скіраваныя на неадкладнае вызваленне душы з няволі.
    Дык чаму ж не прабачаецца грэх супраць Святога Духа? Чаму не прабачаецца празмерная надзея грэшніка на Божую міласэрнасць? Незалежна ад праяўленняў і перакананняў грэх супраць Святога Духа з’яўляецца свядомым трываннем у граху і нежаданнем ад яго пазбавіцца, адкідваннем такой магчымасці. Чалавек не хоча прыняць прабачэнне. А ўмова прабачэння – гэта пакаянне, адмаўленне ад граху.