Чаму не ўсе хрысціяне ўшаноўваюць Маці Божую?

Задай пытанне

У хрысціянстве доўгі час ніхто не сумняваўся ў слушнасці ўшанавання Марыі як Найсвяцейшай Маці і Заступніцы. Толькі ў V ст. прадстаўнікі нестарыянства паставілі пад сумнеў тытулы “Багародзіца” і “Маці Божая” (пазней гэта было прызнана Касцёлам як ерась – заўв. рэд.). Паводле іх меркавання, Марыя нарадзіла Езуса не як Сына Божага, а толькі як чалавека. Разважанне над гэтым пытаннем у кантэксце даследаванняў прыроды Хрыста (наколькі Ён Бог, а наколькі Чалавек) прывяло да афіцыйнага тлумачэння Паўсюднага эфескага сабору (431 г.), які пацвердзіў слушнасць веры хрысціян у тое, што Езус ва ўсёй паўнаце Бог і Чалавек адначасова, непадзельна, і такім Ён нарадзіўся ад Марыі. У сувязі з гэтым Сабор прызнаў слушнасць традыцыйнага (ужо тады – у IV–V стст.!) тытулу Марыі – “Багародзіца” (параўн.: Дакументы эфескага сабору, № 250-251).
    Калі ў XV–XVI стст. узнік пратэстанцкі рух, яго тагачасныя лідэры выступілі з ідэяй “новага” хрысціянства. Не жадаючы разумець розніцу паміж ушанаваннем і пакланеннем, яны прыраўнялі культ святых (разам з імі і Марыі) да язычніцкага ідалапаклонства. Але асноўнай прычынай гэтага было поўнасцю перавернутае (фактычна адкінутае) разуменне святасці, замененае на вучэнне аб прабачэнні (апраўданні).
Паводле традыцыйнай хрысціянскай веры (каталіцкай і праваслаўнай), святасць – гэта дасканаласць, дасягнутая ў працэсе ўзрастання ў адносінах з Богам, у выніку чаго адбываецца якасная перамена чалавека на глыбінным узроўні, які закранае асновы быцця. Пры ўзнікненні пратэстанцкага руху ў аснову яго веры быў закладзены своеасаблівы “юрыдычны падыход” у адносінах з Богам. Адкінута патрэба ўзрастання ў святасці. Замест яе абвешчана неабходнасць апраўдання ў вачах Бога праз акт індывідуальнага прыняцця Божага прабачэння. У такой дактрыне не патрэбны святыя, няма неабходнасці ў памочніках ці пасрэдніках, бо ўсё зводзіцца толькі да акту прыняцця прабачэння на ўзроўні “я – Бог” (“вінаваты – Суддзя”). Той, хто прабачаны, больш нічога не патрабуе, бо мэ- та – апраўданне. Той, хто апраўданы, “святы”, дасягнуў нейкага аптымальна неабходнага ўзроўню. Ён не мае патрэбы ў працы над адносінамі з Богам, у нейкіх намаганнях дзеля глыбіннай перамены свайго “я”, пошуку дадатковай успамогі ад найдасканалейшых душ (святых) з па-за зямнога жыцця. Менавіта разуменне вучэння аб святасці (дасканаласці) і прабачэнні (апраўданні) закранае сутнасць праблемы: чаму пратэстанцкія супольнасці адкідваюць неабходнасць у заступніцтве святых, у тым ліку Марыі.