Спінэры: карысць ці шкода?

Задай пытанне

Ці могуць спінэры (забаўляльныя круцільныя цацкі) нанесці шкоду дзіцяці?
Прапаную для пачатку звярнуцца да гісторыі ўзнікнення спінэраў. Вікіпедыя прадстаўляе 2 версіі, якія прыпісваюць аўтарства Кэтрын Хэцінгер, інжынеру-хіміку па адукацыі, што стварыла гэтую цацку яшчэ ў 1990-я гады. У інтэрв’ю для амерыканскай газеты “The New York Times” яна сказала: ідэя спінэра прыйшла да яе пасля таго, як убачыла ў Ізраілі арабскіх хлопчыкаў, што кідалі камяні ў паліцэйскіх. У адказ на гэта ёй захацелася стварыць цацку, якая б дапамагала дзецям пазбаўляцца назапашанай энергіі. У той жа час у інтэрв’ю для брытанскай газеты “The Guardian” жанчына адзначыла, што стварыла цацку для сваёй дачкі, каб дапамагчы ёй абстрагавацца ад сіндрома паталагічнай мышачнай стамляльнасці, на які тая пакутавала.
Сёння сапраўды можна сустрэць шмат публікацый, дзе гаворка ідзе пра пазітыўнае ўздзеянне спінэраў. Напрыклад, што яны дапамагаюць зняць стрэс асобам у дэпрэсіі і прыносяць карысць аутыстам. Часта таксама можна спаткаць выказванні, што гульня са спінэрам дапамагае дзіцяці быць больш сканцэнтраваным, калі гэта неабходна. Негатыўных артыкулаў, дзе адзначаюць, што спінэры – гэта выдумка д’ябла, таксама хапае. Але на сённяшні момант афіцыйнага вучэння Касцёла на тэму выкарыстання спінэраў няма.
   Думаю, добрай аналогіяй да карыстання спінэрам з’яўляецца прыклад з інтэрнэтам. У сусветнай павуціне сустракаецца шмат пазнавальных, хрысціянскіх сайтаў. А ёсць дэструктыўныя, бессэнсоўныя і амаральныя. І пытанне добрага ці дрэннага ўздзеяння інтэрнэта толькі ў тым, якія старонкі мы праглядваем і дзеля чаго. Падобна і з выкарыстаннем тэлефона, камп’ютара, Playstation ці таго ж спінэра.
   Сам па сабе ён не з’яўляецца чымсьці дрэнным. Уся справа ў тым, як яго выкарыстоўваць. Калі з-за цацкі дзіця закінула свае штодзённыя абавязкі і хобі, тады сапраўды варта адмежаваць яго ад гэтай забаўкі. Калі ж спінэр спрыяе зняццю стрэсу, дапамагае адцягнуць увагу дзіцяці ад празмернага сяджэння за камп’ютарам і павысіць узровень канцэнтрацыі, не бачу шкоды ў яго выкарыстанні. А дазваляць маладым людзям гуляць са спінэрам ці не – вырашаць, канешне, бацькам у залежнасці ад таго, як гэтая цацка ўплывае на іх дзяцей.