Чаму Бог прабачае грахі? Дзе мяжа Яго міласэрнасці?

Зваротная сувязь - Задай пытанне

Ужо ў Старым Запавеце можна заўважыць вялікую міласэрнасць Бога да свайго народа. Колькі разоў людзі адварочвалі свае галовы і сэрцы ад праўдзівай дарогі, падалі ў грахах, але Усемагутны кожны раз ім прабачаў і падымаў з балота правіннасцей. “А ў Пана Бога нашага міласэрнасць і прабачэнне, хоць мы бунтаваліся супраць Яго і не слухаліся голасу Пана Бога нашага...” (Дан 9, 9–10).
    Мы назіраем вялікую любоў Стварыцеля да чалавека на працягу ўсёй гісторыі ізраільскага народа. Трэба адзначыць, што яна перапоўнена клопатам. “Не хацеў Бог караць нас потым, калі мы дасягнём канца грахоў. Ён ніколі не забірае ад нас сваёй міласэрнасці, хоць выхоўвае нас праз праследаванні, аднак не пакідае свой народ” (2 Мак 6, 15–16). Ужо тады Усемагутны нібы дае прыклад таго, што мы павінны рабіць у сваім жыцці. Здавалася б, чалавек мусіць гэта разумець і пераймаць словы Бога, але ён застаецца ўпартым.
    Нябесны Айцец ідзе далей у міласэрнасці – пасылае чалавецтву свайго Сына. Езус, праходзячы па гарадах і вёсках, праз прыпавесці пра блуднага сына, згубленую авечку і страчаную драхму падкрэслівае вялікую міласэрнасць Бога да кожнага чалавека.
Больш таго, Ён на сваім прыкладзе вучыць Апосталаў з адкрытым сэрцам выходзіць насустрач іншаму чалавеку. Найбольшую міласэрнасць у адносінах да чалавека Бог праяўляе ў смерці і ўваскрасенні Езуса Хрыста, сутнасць чаго нельга спасцігнуць адным толькі розумам.
    На пытанне, дзе мяжа Божай міласэрнасці, трэба адказаць: чалавек не ў стане зразумець гэтай ісціны. Колькі разоў мы падаем у сваіх грахах! Колькі разоў адчуваем дрыжанне сэрца, калі ідзём да канфесіянала, каб прасіць у Айца прабачэння! І як жа моцна радуецца наша душа, калі чуем словы Хрыста: “Адпускаюцца табе грахі твае. [...] Вера твая ўратавала цябе” (параўн.: Лк 7, 48–50). У “Дзённіку” св. Фаустыны Кавальскай чытаем заклік Хрыста: “Жадаю, каб святары абвяшчалі Маю вялікую міласэрнасць у адносінах да душ грэшных. Няхай грэшнікі не баяцца прыблізіцца да Мяне. Паліць Мяне полымя міласэрнасці, хачу яе выліць на людскія душы” (Дз, 50). Мы ж павінны толькі захацець і стаць пад кроплі гэтага дажджу.