Убачыць на ўласныя вочы

Зваротная сувязь - Лісты чытачоў

Паважаная Рэдакцыя газеты “Слова Жыцця”! Пішу ад імя сваёй сястры Валянціны Віткоўскай (у дзявоцтве Здановіч), якая пражывае ў г. Ліда. Мы паходзім з парафіі Ішчолна. Тут нарадзіліся, жылі. Цяпер там засталася толькі наша мама. Але гэты куточак малой радзімы мы і сёння лічым сваім, родным.
З-за хваробы сястра доўгі час (каля 3-ох гадоў) не наведвала святыню ў Ішчолне. Мы расказвалі ёй аб зменах, якія адбыліся за гэты час, але адна справа пачуць, а зусім іншая – убачыць на ўласныя вочы. Яна помніла касцёл са старой падлогай, якая ўжо ў многіх месцах правальвалася, што нават боязна было перамяшчацца па святыні, з даўно не фарбаванымі сценамі.
І якое ж было здзіўленне сястры, калі яна, як толькі пад’ехалі да касцёла, прыкмеціла на месцы некалі даволі глыбокай рытвіны, якую трэба было абыходзіць і аб’язджаць, зручную пляцоўку для стаянкі аўтамабіляў. Яшчэ большае здзіўленне было ў сястры, калі пераступіла касцёльную браму. Да галоўнага ўваходу ў святыню вёў ходнік з пліткі, падобнай на стары брук, а з правага боку быў усталяваны новы місійны крыж насупраць старога. Але самае галоўнае здзіўленне чакала наперадзе: уваходзіш у святыню – а там пафарбаваны сцены касцёла, новая падлога, больш зручныя лаўкі…
    Просім перадаць ад імя нашай сям’і і ад імя парафіян словы падзякі кс. Андрэю. З вялікай удзячнасцю ўспамінаем руплівага святара!
   
    Аб усім гэтым паклапаціўся малады святар, былы пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы кс. Андрэй Кеўлюк.