Бог – мой Збаўца, Адкупіцель, мая Крыніца ласкі!

Лісты чытачоў

Здарылася так, што я зноў адбываю тэрмін пакарання (да 25 студзеня 2020 года) у гродзенскай турме №1. Гэта адно з нешматлікіх папраўчых месцаў, дзе прадстаўнікі хрысціянскіх канфесій аказваюць духоўную падтрымку як асуджаным, так і тым, хто знаходзіцца пад следствам. Праз духавенства многія арыштаваныя прыходзяць да Бога і вырашаюць сысці з таго шляху, які прывёў іх у месца зняволення.
У турме я таксама пазнаў Усемагутнага. Быў ахрышчаны ў каталіцкім Касцёле а. Казімірам Жылісам. Але не да канца адкрыў сваё сэрца і розум: далей грашыў, спадзеючыся, што міласэрны Бог прабачыць. Шчыра кажучы, не маліўся, не прымаў удзел у Эўхарыстыі. Аднак зерне, што высадзіў у маім сэрцы а. Казімір, хоць і са спазненнем, але дало плён.
Зараз я глыбока ўсведамляю ўсё тое, што рабіў у жыцці няправільна. Прымаю, Бог – мой Збаўца, Адкупіцель, мая Крыніца ласкі! Добра разумею, што праваднікамі да гэтага разумення былі менавіта служыцелі Касцёла. Знаходзячыся ў турме, я рэгулярна чытаю выпускі каталіцкай газеты “Слова Жыцця”. Дзякуючы гэтаму далей развіваю сваю веру.
   
    Ад усяго сэрца хачу выказаць шчырую падзяку Касцёлу, яго прадстаўнікам, найперш, за тое, што Вы ёсць. Праз Вас многія людзі здабываюць ісціну ў Богу, навяртаюцца і адкрываюцца на ласкі Усявышняга. Усіх са святамі Нараджэння Збаўцы, які прагне нарадзіцца ў душы кожнага чалавека...