Чуць гучанне званоў

Лісты чытачоў

На бачным месцы ў касцёле ў Зарачанцы ўсталявана шыльда з пазнакай “1937–2017”. Гэта нагадвае парафіянам і гасцям святыні аб юбілеі 80-годдзя з часу адкрыцця святыні. І разам з тым з’яўляецца напамінам для мясцовых вернікаў пра цярністы шлях узнікнення парафіяльнага касцёла.
Гісторыя сягае пачаткамі ў 1927 год, калі Баля Касцёльная (сёння Зарачанка) стала цэнтрам парафіі. У мясцовасці, дзе існавала старажытная капліца, вырашылі пабудаваць касцёл. Першым пробашчам парафіі быў прызначаны кс. Мечыслаў Пячынскі. Пасля святары хутка змянялі адзін аднаго, з-за чаго пачатак будаўніцтва святыні цярпеў пэўныя цяжкасці.
Фундамент касцёла быў закладзены ў 1935 годзе. Будаўніцтва здзяйснялася сіламі саміх парафіян, без выкарыстання тэхнікі. Праз 2 гады кірпічная святыня была ўзведзена, патынкавана і пафарбавана ў белы колер. На ахвяраванні вернікаў на вокнах зрабілі вітражы, а таксама прыгожы драўляны алтар. Змясцілі абразы Маці Божай Вастрабрамскай і свсв. апосталаў Пятра і Паўла. Ля галоўных дзвярэй паставілі фігуру Марыі. У 1937 годзе касцёл быў кансэкраваны пад тытулам Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі.
    У 1969 годзе мясцовыя ўлады зачынілі святыню. Вернікі рэгулярна збіраліся ля яе сцен і маліліся. На нейкі час людзям дазволілі наведваць касцёл, але абавязалі падаткам. А ў 1970 годзе будынак святыні было вырашана аддаць калгасу пад зернясклад. Нягледзячы на тое, што вернікі пад пагрозай адмовіліся аддаваць ключы ад касцёла, прадстаўнікі мясцовай улады самавольна ўзламалі на дзвярах замок і загадалі выгрузіць туды тону люпіна. У знак пратэсту 35 работнікаў калгаса не выйшлі на працу. З-за такой рэакцыі касцёл неўзабаве ачысцілі.
    Афіцыйна адкрыць святыню дазволілі толькі ў 1989 годзе – па шматлікіх просьбах вернікаў. Пачаўся рамонт. У верасні таго ж года адбылося паўторнае асвячэнне касцёла і ў адрамантаваным касцёле была адпраўлена першая св. Імша, якую цэлебраваў сённяшні арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. З таго часу ў парафіі пробашчамі служылі кс. Аляксандр Шэмет, кс. Леон Вітэк, кс. Віктар Мыслюк. Мясцовыя вернікі шчыра ўдзячныя святарам за духоўную апеку і за тое, што яны аддана прычыняліся да аднаўлення святыні. З памяццю ўспамінаюць пра былых пробашчаў у сваіх малітвах.
   
    Сёння касцёл выглядае прыстойна, велічна. На радасць вернікаў над Зарачанкай і яе ваколіцамі плывуць чароўныя гукі звона, запрашаючы людзей на малітву. Хацелася б, каб над усёй нашай краінай на хвалу Пана ў святынях заўсёды гучалі званы, каб ніколі не вярнуліся часы Набатнага звону!