Ведаць свае карані

Лісты чытачоў

Здаўна захаваўся звычай ставіць на скрыжаванні дарог крыжы-абярэгі, рытуальныя помнікі, капліцы. Старажылы кажуць: “Ні адно распяцце, ні адзін мемарыял не пастаўлены стыхійна. Кожнаму адпавядала нейкая важная падзея ці з’ява…”.
Сёння, на жаль, не ўсе ведаюць, у сувязі з чым узведзена тая ці іншая святыня, што яна сімвалізуе. А традыцыю ўсё ж трэба шанаваць і захоўваць, перадаючы яе з пакалення ў пакаленне. Гэта фарміруе павагу да гісторыі, культуры, хрысціянскай рэлігіі. Абапіраючыся на каштоўнасці папярэднікаў, мы захоўваем уласную самабытнасць.
Наша мясцовасць – аграгарадок Лойкі – таксама адрозніваецца адметнасцю, непаўторнасцю. Насельніцтва па веравызнанні, у асноўным, – католікі. Адзін са старэйшых помнікаў у вёсцы пастаўлены ў 1917 годзе на сродкі, сабраныя тагачаснай моладдзю. Гісторыю яго ўзвядзення распавёў са слоў сваіх продкаў мясцовы жыхар. Ён казаў, што некалі ў вёсцы панавала халера. Страшная хвароба забрала большую палову насельніцтва! Тады ў выбраным месцы – у сярэдзіне вёскі – пачалі збірацца людзі, просячы на супольнай малітве ў Бога ратунку. І хвароба адступіла. На тым месцы вернікі вырашылі пабудаваць помнік у знак глыбокай удзячнасці Усявышняму і як даніну памяці аб загінуўшых земляках. На ім зроблены надпіс: “Ад стыхійных бедстваў, хвароб, голаду і вайны захавай нас, Божа”.
    Ля помніка па традыцыі збіраюцца мясцовыя жыхары. Моляцца, спяваюць песні, у якіх просяць здароўя сабе і блізкім, каб міналі хваробы, каб людзі жылі мірна і шчасліва. Тут нябожчык нібы развітваецца з вёскай. Хтосьці з родных ці знаёмых памерлага ад яго імя просіць ва ўсіх прабачэння, пасля чаго пахавальная працэсія скіроўваецца на могілкі... Помнік заўсёды дагледжаны, упрыгожаны вянкамі і кветкамі.
    З нагоды 100-годдзя яго ўсталявання ля мемарыяла была адпраўлена св. Імша, якую цэлебраваў кс. прэлат Вітольд Лазавіцкі.
    На ўрачыстую літургію сабраліся амаль усе жыхары вёскі. Людзі разам звярталіся да Бога з тымі ж просьбамі, як і ў мінулым: каб абараніў ад няшчасцяў і адарыў супакоем.
    Мяркую, кожны павінен ведаць свае карані, культуру, традыцыі, звычаі і абрады свайго народа. Гэта дапамагае чалавеку цвёрда стаяць на зямлі і ганарыцца сваім паходжаннем. Такой асобе не сорамна. Такая асоба бачыць каштоўнасць спадчыны, выпакутаванай папярэднікамі.