Маё лета з Богам 2017

Лісты чытачоў

Сонца відаць усё менш і менш, дні становяцца карацейшымі. Але грэюць успаміны пра нядаўняе лета, багатае на падзеі і ўражанні. Сваімі гісторыямі духоўнага адпачынку з задавальненнем дзеляцца чытачы.
Хадзіце ў пілігрымкі!
    Мая 7-гадовая дачка Ангеліна разам з дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі Юзафам СтанеўскімШчасці Божа! Хачу падзяліцца ўражаннямі пра сваё сёлетняе пілігрымковае лета.
   Першае пешае паломніцтва Гродна – Тракелі было спланавана загадзя, хоць думкі былі розныя, бо сабралася ісці з дзіцём. Цяжка? Але цвёрда запэўніла сябе, што ісці трэба. Ісці і дзякаваць Богу за дар мацярынства.
   У дарозе я захаплялася тым, якія прыгожыя касцёлы ў Беларусі. А якія людзі! Пілігрымка аб’яднала нас нібы ў вялікую сям’ю. Гаспадары дамоў, што прымалі паломнікаў на начлег, віталі нас як родных, з якімі даўно не бачыліся, а на наступны дзень са слязьмі развітваліся і запрашалі ў госці. Усе абяцалі адзін аднаму, што абавязкова яшчэ сустрэнуцца.
   У дарозе я пазнаёмілася з маладым хлопцам. Ніколі не магла падумаць, што мяне можа чамусьці навучыць 18-гадовы юнак. Мне 35. Але не кожны дарослы чалавек настолькі мудры, асвечаны дарамі Святога Духа, якім мне падаўся той хлопец. Уразілі яго супакой, самаадданая любоў да Бога і бліжняга, ахвярнасць, поўны давер Збаўцы. Я ўпэўнілася, што людзі не сустракаюцца выпадкова. Калі Бог паставіў кагосьці на жыццёвым шляху, значыцца, гэты канкрэтны чалавек патрэбны табе ў дадзены прамежак часу. †
Пілігрымка перавярнула маё нутро, перамяніла свядомасць, прымусіла перагледзець свае адносіны з Богам. Я пачала вучыцца быць больш разважлівай, паступаць згодна з Божымі запаведзямі і цалкам давяраць Усемагутнаму, несці свой крыж, не наракаючы на Пана, і быць шчаслівай ужо тут і цяпер! За гэта ад усяго сэрца хачу падзякаваць Віталію Снапко з Жалудка. Маю надзею, што мы і надалей будзем падтрымліваць сувязь. Адчуваю, што яшчэ шмат чаму магу ў яго навучыцца.
   Другая пілігрымка Гродна – Адамавічы – Навумавічы да месца спачыну бл. Мар’яны Бярнацкай таксама была на дваіх з дачкой. І трэцяя, Гродна – Навагрудак, падчас якой маліліся на зямлі, дзе мучаніцкай смерцю загінулі 11 бласлаўлёных сясцёр назарэтанак. Штодня ў пілігрымках маё дзіця пісала свае інтэнцыі, пасля чаго з трапятаннем сэрца чакала, калі іх агучаць у час ружанцовай малітвы.
   На 4-ты дзень пілігрымкі я спыталася ў дачкі: “Можа, пад’едзеш крыху на машыне?”. На што яна мне сур’ёзна адказала: “Мама, калі Езус нёс свой крыж, Ён жа не пад’язджаў”. Гэтыя словы прабралі мяне да мурашак. Так гаворыць 7-гадовая дзяўчынка! Сапраўды, Бога можна сустрэць у кожным з нас.
   У Бярозаўцы ад спадарыні Галіны мы атрымалі дарагі сэрцу падарунак – свечку, якая была запалена падчас малітвы біскупа на Вялікдзень у святыні Гроба Пана ў Ерусаліме. Да паўночы мы з ёю глядзелі дакументальны фільм. Мне тады падумалася: як шмат людзей яшчэ не вераць у Хрыста! Якое гэта цудоўнае пачуццё – ведаць, што Ён жыве ў сэрцы кожнага, трэба толькі гэта для сябе адкрыць.
   На такім духоўным уздыме я вярнулася на працу, дзе яшчэ больш за тыдзень працавала як у сне – думкамі была ў пілігрымках, з тымі адкрытымі, добразычлівымі людзьмі…
   Горача хачу заахвоціць усіх хадзіць у пілігрымкі, якія духоўна ўзбагачаюць, і… любіць бліжняга, як самога сябе!
  
Святлана Лукашэвіч, Гродна

  
   Гасціннасць – нацыянальная рыса і палякаў, і беларусаў
   Радунская група разам са мной (з краю злева) Хвала Хрысту! Я з прыемнасцю прачытаў артыкул у “Слове Жыцця”, які апісваў пілігрымаванне кс. Яна Раманоўскага ў Санцьяга-дэ-Кампастэла ў Іспаніі. Падумаў, што, можа, варта падзяліцца ўспамінамі з ліпеня бягучага года, калі мы запрасілі ў свой горад групу моладзі з Гродзенскай дыяцэзіі, з мястэчка Радунь. Маладыя людзі прыбылі ў Зялёнку каля Варшавы па запрашэнні гарадской гімназіі імя кардынала Стэфана Вышынскага разам са сваім апекуном кс. прэлатам Вітольдам Лазавіцкім. Такі вопыт быў для нас працягам XXXI Сусветных дзён моладзі, падчас якіх у межах Дзён у дыяцэзіях мы прымалі групы з Радуні (Беларусь) і Арла (Расія).
   Сёлета сяброў з Беларусі чакала багатая і насычаная праграма адпачынку. Цэнтр культуры і спорту арганізаваў для маладых людзей інтэграцыйную гульню, падчас якой змешаныя беларуска-польскія групы павінны былі выканаць заданні на тэрыторыі горада, пры нагодзе пазнаючы геаграфію Зялёнкі. Аб тым, што варта марыць і рэалізоўваць свае жаданні, беларусы ўпэўніліся, знаёмячыся з постаццю даваеннага падарожніка Леапольда Янікоўскага, які некалі жыў у Зялёнцы. Ён удзельнічаў у даследчай экспедыцыі ў Афрыку, плёнам якой стала выданне кнігі “У джунглях Афрыкі. Успаміны з польскай афрыканскай экспедыцыі ў 1882–90 гадах”.
   Маладыя людзі выязджалі на экскурсію ў Варшаву, наведалі месцы, якія варта было паглядзець на Мазовіі: Жэлязову Волю, дзе нарадзіўся кампазітар Фрыдэрык Шапэн, палац Радзівілаў у Небарове, Англійскі сад у Аркадзіі, скансэн – музей пад адкрытым небам у Серпцы. Радунская група наведала таксама 4 санктуарыі: Маці Божай Перамогі ў Осаве, Найсвяцейшай Панны Марыі Беззаганнай Усепасрэдніцы Ласкаў і св. Максімільяна Марыі Кольбэ ў Непакалянаве, Маці Божай Суцяшэння ў Чэрвінску над Віслай і святыню Божага Провіду ў Вілянаве.
   Штодзённа моладзь з Радуні ўдзельнічала ў ранішняй св. Імшы ў касцёле Маці Божай Чанстахоўскай у Зялёнцы. Пасля таго, як пробашч абвясціў, што прымаем у сябе моладзь з Беларусі, парафіяне прыносілі хатнюю выпечку і зарыхтоўкі, ахвяравалі дадаткова на сняданкі разнастайныя прадукты (агуркі, дыні, перац). Калі аказалася, што адна з удзельніц, Аляксандра Адамоніс, мае Дзень нараджэння, кандытарская Алькоўскіх з Марак ахвяравала смачны імянінны торт. Не ўдасца пералічыць усіх праяўленняў уцягнутасці парафіян у справы, што датычылі гасцей з Беларусі ў Зялёнцы!
   У той жа час радунская моладзь паказала палякам вялікую веру ў моц хрысціянства і засведчыла аб атрыманні ласкаў праз ружанцовую малітву. Іх сціпласць і жаданне пазнаваць свет заўважылі ўсе. Ужо ў жніўні жыхары Радуні адплацілі гасціннасцю пілігрымам з Польшчы, якія вандравалі праз Беларусь у віленскую Вострую Браму.
   Госць у дом, Бог у дом – сцвярджае прыказка. А іншая гаворыць, што падарожжы выхоўваюць.
   Без сумнення, так і ёсць.
  
Роберт Сарноўскі, каардынатар валантарыяту ў Зялёнцы