Вечны супакой душам таневічанак

Лісты чытачоў

Пасля страты некаторых людзей у душы ўтвараецца пустэча. Горка і балюча…
    Не так даўно да Пана Бога адышла светлай памяці Клімянціна Сідлярэвіч з в. Танявічы (Шчучынскі дэканат). Простая вясковая жанчына, але надзвычай мудрая і разумная. За ёю ішлі, да яе прыслухоўваліся. Спадарыня Клімянціна была своеасаблівым маральным аўтарытэтам на вёсцы, такім стрыжнем, на якім усё трымалася.
    Гэтай жанчыне ўсё балела: каб капліца была дагледжана, каб песні ў ёй спявалі самыя лепшыя... Яна запісвала ў сшытак прозвішчы нябожчыкаў, адпявала іх, малілася за вечны супакой. Часта можна было ўбачыць спадарыню ў святыні, дзе з бліскучымі вачыма яна звярталася да Бога ў розных патрэбах, з падзякай, праслаўленнем, бо моцна любіла Усемагутнага і давярала Яму сваё жыццё.
Таленавітая, неабыякавая, вялікай сілы духа. Выгадавала траіх дзяцей. Увогуле, была роднай для ўсіх. Камусьці – мамай, камусьці – цёткай, бабуляй.
    Спадарыня Клімянціна ўсіх цягнула за сабою. У 1991 годзе ў вёсцы быў створаны фальклорны калектыў “Matczyna piosenka”, ля вытокаў якога стаяла і яна, духоўны настаўнік і кіраўнік. Была адным з ініцыятараў таго, каб адраджаць мясцовую багатую культуру, перадаваць яе нашчадкам. Такім чынам, вось ужо 26 гадоў існуе песенны калектыў, які вядомы не толькі ў Беларусі, але і за межамі краіны. Дабро не прападае – мы беражліва захоўваем спадчыну бацькоў, дзядоў і прадзедаў, перадаючы яе з вуснаў у вусны далей з пакалення ў пакаленне. Хутка пасля спадарыні Клімянціны да Пана адышла яе паплечніца, Рэгіна Тарасевіч. Шчодрая і добрая жанчына, якая таксама прычынілася да развіцця мясцовай культуры. “Званочак калектыву”, як мы яе ласкава называлі…
    Вечны супакой душам таневічанак. Няхай ім будзе Неба!