Адорваючы ружамі Каралеву Ружанца, лечыш раны Яе Сыну

Зваротная сувязь - Лісты чытачоў

Мне як настаўніцы часта даводзілася адведваць вучняў, каб запэўніцца, што яны жывуць у спрыяльных умовах і маюць добрыя адносіны ў сям’і. Аднойчы дзяўчынка па імені Аня сама запрасіла мяне дамоў. Я ведала, што вучаніцу выхоўвае дзядуля. Маці пакінула дачку, а таты не было.
...Дзверы адчыніў дзед Рыгор. У пакоі я звярнула ўвагу на стол, дзе знаходзіліся Біблія, распяцце, на якім вісеў незвычайны ружанец, і свечка. Падобную карціну на той час можна было ўбачыць нячаста. Дзядуля шчыра прызнаўся, што гэта рэчы, з дапамогай якіх ён выйшаў “з жыцця ў цемры на дарогу святла”. І шчыра распавёў пра сваё дзяцінства, якое правёў у інтэрнаце, навучанне ў тэхнікуме і празмернае жаданне разбагацець, з-за якога давялося апынуцца ў турме.
У камеры Рыгор пасябраваў з веруючым чалавекам, які кожны дзень браў у рукі ружанец. Рабіў яго з мякішу хлеба, што раз на тры дні прыносілі на абед. Калі той заўважыў, што Рыгор пазірае з цікавасцю, навучыў і яго маліцца. На ўсё жыццё ў сэрцы засталася праўда: “Адорваючы ружамі Каралеву Ружанца, лечыш раны Яе Сыну Езусу Хрысту”.
    Ружанец пашчасціла вынесці з турмы ў полай свечцы, якая паслужыла для яго сховішчам (у часы атэізму вызнаваць веру было небяспечна). Зараз незвычайная рэліквія знаходзілася ў пакоі на самым бачным месцы. Тое, што Рыгор выйшаў на волю датэрмінова, лічыць непасрэднай дапамогай Маці Божай. Пасля ніводнага дня не прапускаў ружанцовай малітвы, рэгулярна чытаў і разважаў над Божым словам, наведваў святыню.
   
    Сёння за 88-гадовым мужчынам даглядае ўнучка. Яна працуе педыятрам, мае сына. Дзякую Богу за тое, што дзядуля навучыў дзяўчынку любіць людзей, пазнаваць Бога, акунацца ў Яго светлыя крыніцы дабрыні. Дзякую і за тое, што цяпер мы можам адкрыта насіць марыйную “зброю” і свабодна карыстацца ёю. Вялікая радасць у сэрцы, калі назіраю, як вернікі ў кожную першую нядзелю месяца абменьваюцца таямніцамі Ружанца. Якая гэта сіла! Прашу вас, шаноўныя, знаходзьце час на марыйную малітву, якая мае каласальную моц.