Лямус пабрыгіцкага кляштара дачакаўся рэстаўрацыі

Парафіі і святыні

Каб стаць прывабным турыстычным аб’ектам горада над Нёманам, унікальны помнік гаспадарчага і жыллёвага дойлідства будзе аднаўляцца цягам трох гадоў. Курыраваць рэстаўрацыю самай старой драўлянай пабудовы на тэрыторыі Беларусі будзе Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы. Як заўважаюць спецыялісты, галоўная задача – не нашкодзіць, а захаваць тое, што ёсць.
Без адзінага цвіка
    Драўляны лямус, размешчаны на тэрыторыі комплекса пабрыгіцкага кляштара ў Гродне, уяўляе сабой двухпавярховы будынак з балюстрадай і арачнымі галерэямі на галоўным фасадзе. Пабудаваны на бутавым падмурку ў традыцыях беларускага народнага дойлідства: з масіўных усечаных брусоў, без выкарыстання клямараў і металічных цвікоў.
    Да сённяшняга дня няма адзінага меркавання наконт дакладнай даты пабудовы гэтага помніка архітэктуры. Паводле некаторых крыніц, драўляны будынак быў узведзены ў 1630 годзе. Аднак, як зазначае кс. Антоній Грэмза, рэктар пабрыгіцкага касцёла, датаванне пабудовы лямуса першай паловай ХVII стагоддзя – яўнае перабольшванне. “Магчыма, гэтая лічба з’явілася па прычыне таго, што некаторыя даследчыкі звязалі будаўніцтва лямуса з будаўніцтвам самаго пабрыгіцкага кляштара, – гаворыць кс. Антоній. – Акурат на пачатку ХVII стагоддзя па запрашэнні маршалка ВКЛ Крыштафа Весялоўскага ў Гродна прыбылі першыя манахіні брыгіткі. Захаваліся звесткі з 1634 го- да, згодна з якімі сёстры жылі ў драўляным доме. Але гэта наўрад адна і тая ж пабудова”.
Лямус пабрыгіцкага кляштара ў пачатку ХХ стагоддзяСвятар падкрэслівае, што навукова-гістрычныя даследаванні і параўнанні лямуса з аналагічнымі будынкамі на тэрыторыі Польшчы дазваляюць прыйсці да высновы: гродзенскі лямус, хутчэй за ўсё, паўстаў у другой палове ХVIIІ стагоддзя. “Вядома, што будынак меў утылітарнае прызначэнне: першы паверх служыў складскім памяшканнем, дзе захоўваўся працоўны інвентар і, магчыма, нейкія харчовыя прадукты, а на другім паверсе ўлетку жылі манахіні”, – адзначае кс. рэктар.
    Лямус належаў сёстрам да 1950 года. Пасля быў зачынены і разам з іншымі пабудовамі, якія знаходзіліся на тэрыторыі старадаўняга кляштара брыгітак, быў перададзены ва ўжыванне псіханеўралагічнаму дыспансеру. Афіцыйнае вяртанне кляштарных будынкаў мясцоваму Касцёлу адбылося толькі ў 2003 годзе.
   
У савецкі час у гістарычным будынку былі павялічаны аконныя праёмы. Зараз спецыялісты вырашаюць, якім чынам ім можна вярнуць арыгінальны выгляд.

   Аднавіць, захаваўшы аўтэнтычнасць
  Выгляд кляштара брыгітак з паўднёвага боку  Шмат гадоў унікальны будынак знаходзіўся ў занядбаным стане і руйнаваўся проста на вачах. Кіраўніцтва Гродзенскай дыяцэзіі выказала зацікаўленасць у аднаўленні помніка архітэктуры і звярнулася з хадайніцтвам аб рэстаўрацыі ў Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы. Там пагадзіліся дапамагчы і, узгадніўшы гэтае пытанне з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь, пачалі падрыхтоўку адпаведных дакументаў.
    “Сёння мы маем на руках тэхнічную дакументацыю па аднаўленні гродзенскага лямуса, – гаворыць кс. Аляксандр Сасноўскі, кіраўнік эканамічна-будаўнічага аддзела Гродзенскай дыяцэзіі і адказны за рэстаўрацыю лямуса. – Важна падкрэсліць, што на аб’екце будуць праводзіцца менавіта рэстаўрацыйныя працы. Іх нельга блытаць з рэканструкцыяй. Паколькі лямус уключаны ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі, дзе яму прысвоена нулявая катэгорыя (гісторыка-культурная каштоўнасць, уключаная або прапанаваная да ўключэння ў спіс сусветнай спадчыны – заўв. рэд.), нашай галоўнай задачай з’яўляецца не толькі аднаўленне будынка, але і захаванне яго аўтэнтычнасці”. Святар адзначае, што правядзенне рэстаўрацыйных прац будзе ажыццяўляцца строга на падставе распрацаванай навукова-праектнай дакументацыі, зацверджанай у міністэрствах культуры абедзвюх краін. За выкананне адказны польскі бок: у праекце задзейнічаны архітэктары, інжынеры, праекціроўшчыкі і іншыя кваліфікаваныя спецыялісты, якія займаюцца драўляным дойлідствам, валодаюць гістарычнымі тэхналогіямі будаўніцтва і маюць багаты вопыт у гэтай галіне. “Мы ўжо ачысцілі будынак ад смецця, знялі з драўляных сцен дранку і тынкоўку, якія з’явіліся тут у савецкі час, – адзначае кс. Аляксандр. – Цяпер будзем умацоўваць фундамент. Пасля чаго прыступім да замены некалькіх прагніўшых драўляных элементаў, якія ляжаць на падмурку. Да пачатку зімы хочам паспець накрыць спецыяльным тэнтам дах будынка, каб абараніць яго ад далейшага разбурэння пад уздзеяннем ветру і ападкаў”, – дзеліцца планамі святар. І дадае, што каманду рэстаўратараў наперадзе чакае шмат працы: трэба замяніць падлогі, прыбраць перагародкі і печкі ўнутры будынка (паколькі яны не з’яўляюцца аўтэнтычнымі), адрамантаваць унікальную страху з дранкі.
   
Спецыялісты сцвярджаюць, што з рэстаўрацыяй старых будынкаў нельга спяшацца, лепш рабіць яе якасна, прытрымліваючыся намечанага плану.
   
   “Нельга, каб унікальны помнік стаяў без справы, трэба ўдыхнуць у яго жыццё”
   Лямус, унікальная для Гродна гістарычная пабудова, знаходзіцца зараз у крытычным стане    Сёння турысты зазвычай абыходзяць бокам унікальны гродзенскі лямус, схаваны за высокім кляштарным мурам. Але ў будучым помнік архітэктуры адкрыецца для свабоднага наведвання: у ім з’явіцца музей Гродзенскай дыяцэзіі. “Мы не хочам зачыняцца ўнутры свайго двара, захоўваючы прыгожы будынак выключна для сябе, – гаворыць кс. Аляксандр. – Гэта аб’ект культурнай спадчыны, і трэба зрабіць так, каб максімальная колькасць людзей магла яго наведваць. Дзеля прыцягвання турыстаў з розных куткоў Беларусі і з-за мяжы плануем стварыць сталую экспазіцыю, прысвечаную нашай дыяцэзіі, дзе пакажам унікальныя кнігі, алтарныя абразы, гістарычныя фотаздымкі, дакументы. Плануем таксама наладзіць супрацоўніцтва з іншымі беларускімі музеямі з мэтай абмену экспазіцыямі”.
    Святар зазначае, што фонды дыяцэзіяльнага музея размесцяцца ў будынку пабрыгіцкага кляштара. Там жа плануецца стварыць інтэрактыўны канферэнцзал на 100 чалавек, дзе будуць дэманстравацца відэаэкскурсіі па аб’екце. Фінальным этапам прац будзе добраўпарадкаванне прылягаючай тэрыторыі.