Першамайскі-Няцеч

Гісторыя - Парафіі і святыні

Дэканат Ліда
Паселішча Першамайскі паўстала каля вёскі Няцеч зусім нядаўна – у 1959 годзе як рабочы пасёлак пры торфапрадпрыемстве. Мясцовая парафія заснавана 20 верасня 2001 года, а касцёл пачаў будавацца ў красавіку 2002 года. Праз два гады 4 сакавіка ён быў асвечаны пад тытулам св. Казіміра. Праект святыні быў распрацаваны ў арцыбіскупскім праектна-будаўнічым бюро ў Баранавічах (Пінская дыяцэзія), а рэалізаваны намаганнямі парафіян з дапамогай нямецкага каталіцкага фонду “Рэнавабіс”.

 Касцёл – гэта аднавежавы цагляны і атынкаваны храм, пабудаваны ў сучаснай трактоўцы неаготыкі. Святыня прамавугольная ў плане, безапсідная, прэсбітэрый фланкаваны дзвюма фігурнымі ў плане сакрыстыямі, злучанымі па-за алтаром праз катэхетычны клас. Аб’ём перакрыты адзіным двухсхільным металачарапічным дахам з вальмам над алтарнай часткай. Галоўны ўваход пазначаны чацверыковай вежай-званіцай пад двухсхільным дахам.
 
  Залавы інтэр’ер перакрыты плоскай столлю, на алтарнай сцяне над табернаклем змешчаны тытульны абраз св. Казіміра ў атачэнні абразоў Найсвяцейшага Сэрца Марыі Панны (злева) і Божай Міласэрнасці (справа).