Бярозаўка

Парафіі і святыні

Дэканат Навагрудак
Да 1908 г. вёска, як і сёння, мела назву Бярозаўка ці Бярозаўка-Гута, затым да 1944 г. – Нёман, пасля вайны – зноў Бярозаўка. З 1968 г. гэта гарадскі пасёлак Лідскага раёна. Каталіцкая капліца была пабудавана тут яшчэ ў 1924 г. (ёсць звесткі навагрудскага ваяводы Несялоўскага аб Гуце, дзе ў 1784 г. была пабудавана капліца). Асобная ж парафія была заснавана ў Бярозаўцы ў 1928 г. дэкрэтам ад 29 лютага за подпісам віленскага арцыбіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага. Касцёл, які змяніў капліцу, пачаў узводзіцца з дрэва ў стылі польскага міжваеннага неабарока на сродкі працоўных шклозавода і яго ўладальніка пана Столе ў 1931 г. ва ўсходняй частцы вёскі. Кансэкравалі святыню ў 1932 г. пад тытулам Спаслання Святога Духа. Святыня ўяўляла сабой аднавежавы велічны храм, накрыты высокім двухсхільным гонтавым дахам з вальмамі над алтаром. Галоўны ўваход пазначала магутная чацверыковая трох’ярусная вежа-званіца пад высокім гонтавым шатром. Парафія на той час уваходзіла ў склад Лідскага дэканата Віленскай архідыяцэзіі і налічвала больш за 1200 вернікаў. У пасляваенны час касцёл, як і шматлікія іншыя святыні Беларусі, быў зачынены, а ў 1954 г., згодна з рашэннем савецкіх улад, – знішчаны: храм разабралі “на хаты”.
Але ў наш час парафія адрадзілася. У 1991 г. вернікі актыўна пачалі змагацца за права мець сваю святыню. Пад кіраўніцтвам кс. Андрэя Стапыры на старым месцы (сёння вул. Школьная) распачалося будаўніцтва новага касцёла. 7 чэрвеня 1992 г. гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч асвяціў вуглавы камень (з 13 мая ў яшчэ недабудаваным касцёле пачаліся штодзённыя набажэнствы). І нарэшце, 18 жніўня 2001 г. дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Антоні Дзям’янка кансэкраваў новазбудаваны касцёл пад гістарычным тытулам Спаслання Святога Духа. Цяпер святыню ўзвялі ў сучасных архітэктурных формах. Касцёл пабудаваны з чырвонай вонкавай цэглы, трохнававы з трансептам і прамавугольным прэзбітэрыем. Да касцёла далучаны двухпавярховы парафіяльны цэнтр. Галоўны ўваход у святыню пазначаны высокай стромкай чацверыковай вежай пад медным купалам складанай гранёнай формы, вежа надбудавана над крухтай з нахіленымі сценамі. Аднак функцыю званіцы выконвае не вежа, а асобная каркасная драўляная канструкцыя злева ад кацёла. Накрыты касцёл керамічнай чарапіцай, дахі асобныя – двухсхільныя з вальмамі над тарцамі аб’ёмаў.
    У інтэр’еры святыні пад плоскімі бетоннымі перакрыццямі толькі адзін, галоўны і тытульны алтар – Спаслання Святога Духа. Капліцы ў крылах трансепта пакуль не маюць алтароў. Над уваходам змешчаны хоры. Касцёльны ўчастак абнесены карункавай металічнай агароджай на невысокіх цагляных слупках.
    Сёння сама Бярозаўка з’яўляецца рэзідэнцыяй навагрудскага дзекана.