Белая Фара

Парафіі і святыні

Дэканат Навагрудак
Фарны касцёл у Навагрудку быў заснаваны Вітаўтам, вялікім князем ВКЛ, у 1395 г., неўзабаве пасля хрышчэння Літвы. Пабудавалі касцёл пад паўночным схілам замкавай гары, на месцы былога паганскага капішча Перуна, і асвяцілі пад тытулам Усіх Святых. У 1422 г. кароль Уладзіслаў Ягайла з маладой “Сонькай, дачкой Андрэя, князя Гальшанскага”, браў тут шлюб, ад якога і пайшла славутая дынастыя Ягелонаў. Навагрудскае пробаства было няблага забяспечана, але пазней кароль Стэфан Баторый перадаў фундушы касцёла Віленскай семінарыі.
    Спачатку святыня была драў­лянай, толькі ў першай трэці XVII ст. да касцёла былі прыбудаваны дзве мураваныя капліцы ў гатычным стылі: першая ад увахода справа – Найсвяцейшай Панны Марыі (тады менавіта тут быў змешчаны цудадзейны абраз Маці Божай Снежнай, адзначаны шматлікімі вотамі. У ХIХ ст. узгадваецца як капліца Божага Цела з абразом Вячэры Пана. Тут захаваўся цікавы помнік – мемарыяльная пліта Георгію Рудаміне-Дусяцкаму з сябрамі, што загінулі ў 1621 г. пад Хоцінам у бітве з туркамі. Пліта замоўлена ў 1643 г. Янам Рудамінам-Дусяцкім, навагрудскім кашталянам і братам Георгія), і Анёла-ахоўніка (у 1849 г. адзначана як нядаўна пераасвечаная ў гонар св. Антонія), бліжэйшая да алтара, заснаваная плябанам Юзафам Паніквіцкім. У 1631 г. капліцы разам с галоўным алтаром былі асвечаны віленскім біскупам суфраганам Юрыем Тышкевічам. Абедзве касцёльныя капліцы мелі статус альтарый. Першая, Божага Цела, была фундавана плябанам кс. Марцінам Градоўскім 23 студзеня 1618 г., потым фундуш быў яшчэ неаднойчы памножаны іншымі ахвярадаўцамі. Альтарыя св. Анёла-ахоўніка фундавана паннай Пшэслаўскай. Цяпер абраз Маці Божай усталяваны ў капліцы, бліжэйшай да алтара, у якой таксама спачываюць астанкі 11 сясцёр назарэтанак. У бліжэйшай да ўвахода капліцы змешчаны алтар з абразом св. Міхала Арханёла.
Мураваны Фарны касцёл быў закладзены ў 1719 г. на месцы ранейшага. 14 ліпеня каад’ютар віленскага біскупа Мацей Анцута асвяціў вуглавы камень. Да 1721 г. паставілі сцены і перакрылі гонтай, аднак галоўны фасад не быў скончаны. Да нас дайшлі імёны будаўнікоў-муляраў: Якуб Бокша, Ежы Стэпкоўскі, Ежы Урлоўскі, Андрэй Шарэцкі. У 1723 г., нягледзячы на сваю незавершанасць, святыня была кансэкравана пад новым тытулам – Божага Цела.
    Пры будаўніцтве каменнага касцёла старыя гатычныя капліцы былі тактоўна ўлучаны ў яго агульную кампазіцыю. Дзеля гэтага ўся масіўная сцяна галоўнага фасада разам з вежамі была ссунута адносна восі сіметрыі малітоўнай залы так, каб пры ўваходзе капліцы не былі бачныя. З таго часу касцёл уяўляе сабой дзвюхвежавы залавы храм, арыентаваны алтаром на поўнач, з паўкруглай апсідай і адной сакрыстыяй з заходняга боку.
    У 1723 г. інтэр’ер касцёла ўпрыгожвалі 5 вельмі старых алтароў. Будаўніцтва скончылі каля 1740 г. А ў 1786 г. Фара была рэкансэкравана віленскім біскупам-суфраганам Жаўкоўскім пад тытулам Перамянення Пана. У 1770-83 гг. касцёл быў накрыты чарапіцай, але ў 1792 г., падчас рэстаўрацыі, зноў перакрыты гонтай. Пры левым бакавым алтары св. Антонія знаходзілася хрысцільня, дзе 12 лютага 1799 г. быў ахрышчаны Адам Міцкевіч.
    У 1790 г. на правым баку тагачаснай Кавальскай вуліцы пробашч касцёла кс. Хялкоўскі пабудаваў новую мураваную плябанію (цяпер мураваны будынак кляштарнага комплекса сясцёр назарэтанак). У комплекс плябаніі ўваходзіў і шэраг гаспадарчых пабудоў.
   
    У канцы XVIII ст. да парафіі навагрудскай Фары належалі капліцы ў Воўкавічах, Гарадзечне і Клюковічах. У архіўных дакументах захаваліся таксама звесткі пра капліцу, якая ўваходзіла ў комплекс замкавага палаца. Сам палац быў пабудаваны на мяжы XVI – XVII cтст., капліцу дабудавалі напрыканцы XVII cт. У 1809 г. галоўны ўваход быў пазначаны драўлянай крухтай. Галоўны алтар быў яшчэ “на палатне оптыкай намаляваны”, на яго менсе стаяў “невялікі абраз Найсвяцейшай Марыі Панны ў кароне з камянямі”, у левым бакавым алтары знаходзілася Укрыжаванне, правы быў пусты. Пры парафіі дзейнічалі шпіталь і школа. Інтэр’ер перакрыты цылін­дрыч­нымі скляпеннямі на падпружных арках з распалубкамі над вокнамі. У святыні тры алтары. У 1780-я гады знакаміты мастак Францішак Смуглевіч намаляваў для галоўнага алтара касцёла патранальны абраз Перамянення Пана, сёння на гэтым месцы знаходзіцца абраз мастака Болтуця, намаляваны ў 1939 г. як копія знакамітай ватыканскай стацыі Рафаэля. Левы бакавы алтар прысвечаны св. Юзафу, а правы – св. Тэрэзы. Над нартэксам зроблены хоры з арганам. Пад касцёлам знаходзяцца тры крыпты: адна пад прэзбітэрыем з уваходам з апсіднага фасада і дзве пад абедзвюма капліцамі.
    У 1812 г. французскія войскі прыстасавалі старажытную Фару пад склад правіянту. А ў 1857 г., загадам міністра ўнутраных спраў Расійскай Імперыі ад 31 снежня, касцёл быў пераведзены ў ранг філіяльнага, а фактычна быў пакінуты без догляду і паўстагоддзя прастаяў у занядбаным стане, амаль ператварыўшыся ў руіны. Дазвол на адбудову Фары быў атрыманы ў 1906 г., але сапраўдная рэстаўрацыя адбылася толькі ў 1921-23 гг. дзякуючы ахвярнасці князя Станіслава Радзівіла і стараннасці архітэктара Бейла. 1 лістапада 1922 г., у дзень Усіх Святых, касцёл нанова асвяціў біскуп (тады яшчэ мінскі) Зыгмунт Лазінскі. Парафія афіцыйна адрадзілася ў 1929 г., а святыня была аддадзена пад апеку сясцёр назарэтанак.
    Побач з касцёлам знаходзіцца памятны камень у гонар адзінаццаці сясцёр назарэтанак, забітых гітлераўцамі 1 жніўня 1943 г. Саркафаг з астанкамі бласлаўлёных сясцёр знаходзіцца ў бакавой капліцы касцёла.
    Старажытная навагрудская Фара мае статус помніка архітэктуры рэспубліканскага значэння. Цяпер яна зноў лічыцца рэктаральным касцёлам сясцёр назарэтанак.