Касцёл Хрыста Валадара ў Азёрах

Парафіі і святыні


Касцёл Хрыста Валадара ў АзёрахДэканат Гродна-Усход
Вядома, што ўжо ў 1669 г. у в. Азёры дзейнічала рыма-каталіцкая святыня – гэта быў філіяльны касцёл ад гродзенскай парафіі. Самастойная парафія тут была заснавана ў 1676 г. Касцёл пад тытулам Маці Божай Ружанцовай быў пабудаваны праз тры гады (у 1679 г.) на сродкі парафіян. Тады святыня стаяла амаль пасярод рынкавай плошчы.
    У 1745 г. касцёл узгадваецца як новы драўляны трохвежавы, у галоўным алтары якога знаходзіцца абраз Найсвяцейшай Панны Марыі. У 1779 г. святыня была адноўлена на сродкі апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Але напрыканцы ХIХ ст. стан святыні пазначаўся як “убогі”, а з 1897 г. па 1904 г. вернікі звярталіся да ўлад за дазволам пабудаваць мураваны касцёл, але безвынікова.
    Драўляны касцёл у класіцыстычным стылі ўяўляў сабой працяглы аб’ём з пяціграннай апсідай і адной сакрыстыяй (справа). Галоўны фасад завяршала чацверыковая двух’ярусная вежа-званіца пад чатырохсхільным дахам. Касцёл быў накрыты двухсхільным гонтавым дахам з вальмамі над апсідай. Залавы інтэр’ер, перакрыты люстраным дашчаным скляпеннем, упрыгожвалі тры двух’ярусныя алтары, вырашаныя карынфскай каланадай у выглядзе фігур святых.
У ХIХ ст. да Азёрскай парафіі належалі капліцы ў Котры (цяпер Скідзельская парафія), Новай Рудзе (з 1914 г. самастойная парафія), Скідзелі (з 1991 г. самастойная парафія) і на мясцовых могілках. Напрыканцы ХIХ ст. колькасць вернікаў Азёрскай парафіі налічвала амаль 5300 чалавек. Касцёл быў рэканструяваны паводле праекта 1925 г. У 1927 – 1928 гг. намаганнямі тагачаснага пробашча кс. Францішка Куксевіча галоўны фасад святыні ўпрыгожылі дзве трох’ярусныя чацверыковыя вежы-званіцы. Перад Другой сусветнай вайной Азёрская парафія лічылася адносна невялікай – каля 1000 вернікаў. Капліца на могілках ужо не згадвалася.
    Пры адыходзе ў 1944 г. гітлераўцы спалілі касцёл. Парафіяне разам са сваім тагачасным пробашчам кс. Баляславам Гаўрыхоўскім адразу ж перабудавалі пад часовую капліцу звычайную мураваную хату, але праз два гады парафія засталася без сталага пробашча. У 1962 г. савецкія ўлады зачынілі капліцу, а з часам знеслі яе і пабудавалі на яе месцы Дом культуры.
    Адраджэнне парафіі пачалося толькі ў 1991 г., калі да вернікаў пачаў прыязджаць а. Станіслаў Гаўлік CMF з Прывалкі. Спачатку маліліся проста на вуліцы, потым паставілі часовую драўляную капліцу і ў 1992 г., дзякуючы ахвяраванням Чэслава Круля, Казіміра Арэхвы (аб чым сведчыць мемарыяльная пліта ў нартэксе) і інш., пачалі будаваць на старым месцы новы і ўжо мураваны касцёл паводле праекта 1996 г. гродзенскага МП “Арніка” (архітэктар – Сілкоў П. Н., інжынер – Станкевіч К. Л.). Вуглавы камень, які 5 чэрвеня 1991 г. быў асвечаны бласлаўлёным папам Янам Паўлам II у Беластоку, 23 ліпеня 1994 г. гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч урачыста ўмураваў у сцяну будучага касцёла. На жаль, кс. Станіслаў (+1996) не дачакаўся завяршэння будаўніцтва. Яго скончыў ужо новы пробашч – кс. Юрый Вяршхоўскі CMF. 23 лістапада 1997 г. касцёл пад тытулам Хрыста Валадара быў кансэкраваны біскупам Аляксандрам Кашкевічам у прысутнасці канцлера курыі кс. Антонія Ханько, правінцыяла ордэна кларэтынаў а. Гжэгажа Врадарчыка, консула РП Сільвестра Шостака і інш. паважаных гасцей.
    У 2010 г. парафіяне з кс. пробашчам айцом Пятром Марцінцом CMF (дзекан дэканату Гродна-Усход) пафарбавалі святыню, змянілі ўваходныя сасновыя дзверы на дубовыя. Таксама змянілі франтонныя вокны і аварыйныя дзверы. Ідзе падрыхтоўка да атынкавання касцёла звонку.
    Цяпер касцёл уяўляе сабой дзвюхвежавую святыню з сілікатнай цэглы, да алтарнай сцяны якой далучаны двухпавярховы аб’ём плябаніі. Галоўны фасад фланкуюць трох’ярусныя чацверыковыя шатровыя вежы-званіцы. Аб’ёмы накрыты бляшанымі двухсхільнымі дахамі.
    Залавы інтэр’ер касцёла перакрыты сегментарнай падшыўной дашчанай столлю, паніжаная прамавугольная апсіда – плоскай. Унутры тры драўляныя алтары: галоўны з абразом Хрыста Валадара, левы з абразом св. Юзафа, правы – св. Кларэта. У левай капліцы трансепта змешчаны абраз Маці Божай Ружанцовай, правая капліца пакуль пустая і выкарыстоўваецца пад сховішча харугваў. Над нартэксам знаходзіцца балкон арганных хораў (пакуль пусты). Касцёльная тэрыторыя абнесена металічнай агароджай на цагляных слупках.