Ужо ў XVIII ст. тут, на ўзвышшы пры дарозе з Гродна на Гожу, манахамі гродзенскага кармеліцкага кляштара была пабудавана драўляная капліца. Пасля скасавання кармеліцкага ордэна ў Гродне, з 1845 г. капліца была далучана да фарнай парафіі. Святыня пад тытулам св. Роха ў неагатычным стылі з вонкавай жоўтай цэглы замест драўлянай была ўзведзена тут у 1906 г. паводле праекта гродзенскага губернскага архітэктара У. А. Срокі. У 1920-я гг. яна атрымала статус філіяльнага касцёла ад гродзенскай парафіі св. Францішка Ксаверыя.
У 1961 г. капліца ў Грандзічах, як і шмат іншых святынь нашай краіны, была зачынена савецкімі ўладамі і прыстасавана пад сховішча. Толькі ў 1990 г. будынак капліцы быў вернуты католікам, і ў 1992 г. скончана яго аднаўленне. Хутка пасля гэтага святыня атрымала статус помніка архітэктуры. У 1998 г. Грандзічы вылучыліся ў самастойную парафію пад гістарычным тытулам св. Роха. †