Касцёл Унебаўзяцця НПМ у Адэльску

Парафіі і святыні

Дэканат Гродна-Захад
Драўляны касцёл Унеба­ўзяцця НПМ у Адэльску быў заснаваны ў 1490 г. Яго фундатарам быў польскі кароль Казімір IV. Святыня была збудавана ў форме крыжа, мела адну вежу. У 1674 яе кансэкраваў кс. біскуп суфраган Слупскі. З 1862 г. пры ёй была капліца Клімаўка, якая мела капелана; яе скасавалі ў 1866 г. У 1874 г. касцёл аднавілі. У 1781 г. парафія налічвала 4319 вернікаў.
    Адэльская парафія была вельмі вялізная. У яе склад уваходзілі 3 гарады: Адэльск, Крынкі і Кузніца. Кіраваў парафіяй адэльскі пробашч кс. Павел Цехановіч, які адначасова быў капеланам караля Жыгімонта, а душпастырскую апеку ў Адэльску і Крынках ажыццяўлялі за яго так званыя камендары (накшталт сённяшніх вікарыяў).
У 1736 г. быў зроблены чарговы спіс касцёльнага інвентару. Многае з таго часу збераглося да сённяшняга дня. Тады ў адэльскай святыні знаходзілася 5 алтароў. Галоўны меў тры ярусы. У яго цэнтры быў цудоўны абраз Найсвяцейшай Панны, але парафія не мела спіса цудаў. Па баках абраза стаялі дзве калоны з капітэлямі, побач з імі былі размешчаны дзве фігуры: св. Яна і св. Юзафа. У другім ярусе галоўнага алтара быў абраз Святой Тройцы, а паміж дзвюма калонамі знаходзіліся фігуры св. Міхала і Анёла Ахоўніка.
    У капліцы па правым баку касцёла стаяў двух’ярусны алтар з выявай св. Францішка Сэрафіцкага на першым узроўні і з крыжам - у другім. У капліцы па левым баку святыні быў размешчаны алтар Шкаплернай Божай Маці. У яго першым ярусе быў абраз Шкаплернай Божай Маці, у другім - абраз Імені Езуса і Марыі. Гэты алтар замыкаўся дзверцамі. У касцёле быў таксама алтар св. Антонія Падуанскага, у другім ярусе якога быў абраз Звеставання НПМ. Пры амбоне з левага боку касцёла знаходзіўся алтарык св. Казіміра, фундаваны спадарамі Навацкімі. У гэты час ён быў ужо моцна знішчаны і патрабаваў рамонту.
    Святыня Адэльска мела дзве грабніцы для пахавання памерлых дабрадзеяў. Адна з іх знаходзілася з правага боку касцёла, другая – перад алтаром св. Казіміра. У ёй хавалі памерлых дабрадзеяў касцёла з роду Панцэжыньскіх. Вакол касцёла былі даволі вялікія абгароджаныя могілкі. На іх стаяла званіца з трыма званамі. Пры касцёле дзейнічаў шпіталь для бедных. У 1895 г. вакол касцёльных могілак пабудавалі мур. У апісанні адэльскага касцёла з 1911 г. падаецца, што ў ім адзначалі наступныя святы: 16 ліпеня- Шкаплернай Божай Маці, 6 жніўня- Перамянення Пана, 13 чэрвеня – св. Антонія Падуанскага. Гэта сведчыць пра тое, што ў святыні быў пабудаваны новы алтар Перамянення Пана - замест алтара св. Казіміра. Апісанне касцёла з 1922 г. пацвярджае існаванне гэтага алтара. У 1937 г. кс. Марцін Пузырэўскі ўфундаваў ў касцёле ў Адэльску стацыі Крыжовага шляху. Старыя былі перададзены ў касцёл у Капцёўцы.
    Касцёл у Адэльску дзейнічаў на працягу ўсяго перыяду існавання БССР. У гэты час у парафіі працавалі: кс. Марцін Пузырэўскі (1946 – 1947), кс. пралат Пётр Барташэвіч (1947 – 1963), кс. Фелікс Сарока (1963 – 1991), кс. Ян Козак (1991 – 2009). З 2009 г. пробашчам у Адэльску стаў кс. Валерый Быкоўскі, вікарыем – кс. Альгірдас Паўлікас. Святыня мае галоўны алтар Адэльскай Божай Маці. Іншыя алтары (з левага боку): Сэрца Езуса, Перамянення Пана, св. Антонія Падуанскага і Шкаплернай Божай Маці. У 2010 г. у Адэльску дзякуючы старанням пробашча і парафіян паўстаў помнік св. Антонію. Адэльская парафія была месцам нараджэння і выхавання 4 біскупаў Каталіцкага Касцёла. Аляксандр Катовіч, граф Корчак, нарадзіўся ў Адэльску і быў ахрышчаны ў мясцовым касцёле. Пайшоў шляхам духоўнага паклікання. У 1672 г. яго прызначылі смаленскім біскупам. У 1684 г. ён стаў віленскім біскупам. Памёр у 1686 г. Яго брат Яўстахій Катовіч, граф Корчак, нарадзіўся ў Адэльску ў 1637 г. У 1661г. прыняў святарскія пасвячэнні, стаў віленскім канонікам, а ў 1687 г. быў прызначаны смаленскім біскупам. Памёр у 1704 г. у Вільні.
    Караль Пётр, граф Тжашка Панцэжыньскі, быў ахрышчаны ў касцёле ў Адэльску. Пасля вучобы ў Віленскай акадэміі прыняў святарскія пасвячэнні і атрымаў парафію ў Мінску. У 1696 г. стаў віленскім канонікам, у 1709 г. быў паслом да цара Пятра I. У 1720 г. стаў смаленскім біскупам. У 1724 г. яго прызначылі віленскім біскупам. У 1727 г. кс. біскуп Караль Панцэжыньскі заснаваў у Гродне кляштар з капліцай і шпіталем для ордэна баніфратраў. У 1729 г. ён памёр у сваім маёнтку Каролін.
    Тадэвуш Кандрусевіч нарадзіўся 3 студзеня 1946 г. у Адэльску. 31 мая 1981 г. атрымаў святарскія пасвячэнні, 20 кастрычніка 1989 г. - біскупскую сакру ў базыліцы св. Пятра ў Рыме з рук папы Яна Паўла II. 13 красавіка 1991 г. кс. біскуп Тадэвуш Кандрусевіч быў прызначаны арцыбіскупам з абавязкам Апостальскага Адміністратара для католікаў Расіі. 11 лютага 2002 г. стаў мітрапалітам катэдры Божай Маці ў Маскве. 21 верасня 2007 г. кс. арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч быў прызначаны Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім.