Езус – мой найлепшы Настаўнік

Адпачынак - Дзіцячы куточак

Навошта трэба вучыцца? Напэўна, каб здабыць веды, стаць разумнымі. У гэтым нам дапамагаюць бацькі, настаўнікі, катэхеты, якія імкнуцца перадаць важныя жыццёвыя ўрокі. Але ёсць яшчэ адзін вельмі добры Настаўнік – Езус. Праз сваё Слова і сакраманты Ён хоча паказаць кожнаму з нас шлях у Краіну вечнага жыцця. Трэба толькі слухаць Яго і прасіць у малітве аб ласцы мудрасці.
    Пра тое, як важна быць паслухмяным, прыслухоўвацца да парад старэйшых, будзе наступнае апавяданне Бруна Ферэйра.
На невялікай ферме сярод палёў бедны сельскі жыхар скардзіўся:
    – Таксама і ў гэтым годзе прапала жыта, авёс і ячмень.
    На такой зямлі толькі персікі добра растуць. Але шукаць іх трэба ў Іншай Краіне. Яна знаходзіцца вельмі далёка, а я не маю ані сіл, ані часу.
    Пачуўшы гэтыя нараканні, яго сын Сандрына рашуча сказаў:
    – Туды магу пайсці я і мая сястра Ларэта. Мы ўжо дарослыя і вельмі хацелі б убачыць Іншую Краіну.
    Бацькі цяжка ўздыхнулі. Яны не хацелі адпускаць дзяцей у такую далёкую дарогу, аднак пагадзіліся. Купілі ім дабротныя чаравікі і прыгатавалі ежу на вандроўку.
Дзеці з радасцю вырушылі ў шлях. Калі апынуліся на беразе вялікага балота, да іх падыйшла чапля і сказала:
    – Я Даўганогі Майстар, гаспадар балота. А хто вы такія і што тут шукаеце?
    – А мы брат з сястрой, хочам перайсці праз балота, – адказалі дзеці.
    – Гэта немагчыма! – усклікнула чапля. – Каб прайсці праз балота, патрэбны доўгія ногі – такія, як мае, каб не ўгразнуць у багне па шыю.
    – А я паспрабую! – рашуча сказаў Сандрына і пайшоў наперад. Але хутка пачаў тануць у балоце.
    Дзяўчынка працянула руку брату і, цягнучы з усіх сіл, дапамагла яму выйсці на бераг.
    – Гм… – прамармытала чапля. – Прысядзьце і паслухайце мяне. Вы можаце зрабіць сабе хадулі з доўгіх кіёў. Гэта будуць вашы драўляныя ногі, якія і дапамогуць прайсці праз балота.
    Дзеці знайшлі 4 доўгія кіі. Чапля паказала ім, як зрабіць хадулі. Калі яны былі зроблены, Сандрына і Ларэта ўсталі на іх, падзякавалі чаплі і з лёгкасцю прайшлі праз балота.
    – Ух! Атрымалася! – уздыхнуў Сандрына, калі яны былі на другім беразе вялікага балота.
    Ларэта, аднак, не вельмі ўзрадавалася:
    – Паглядзі на тую скальную сцяну перад намі. Яна высокая, як башня, і не бачна яе канца!
    – Нічога, паспрабуем, – сказаў Сандрына і пачаў узыходзіць на гару. Аднак хутка саслізгнуў на зямлю.
    – Што будзем рабіць? – спыталася Ларэта.
    Тады да іх падышла малпа і сказала:
    – Я Майстар Чатыры Рукі. А вы хто такія і чаго хочаце?
    – Мы двое дзяцей, хочам узабрацца на скалу.
    – Гэта немагчыма! – запярэчыла малпа. – Каб узабрацца на вялікую скалу, трэба быць такой жа спрытнай, як я. Але ёсць адзін спосаб. З вашых хадуляў пры дапамозе дрэва можна зрабіць лесвіцу.
    Калі лесвіца была зроблена, дзеці падзякавалі малпе і лёгка ўзышлі на вяршыню скалы. Спусціліся з яе і пайшлі далей, аж пакуль не натрапілі на вялікае возера.
    – Паглядзі, там бачна Іншая Краіна, а там растуць персікі! – усклікнуў Сандрына.
    Ларэта ўздыхнула:
    – Магчыма… Але ці ты не бачыш, якое шырокае гэтае возера? Мы не пераплывём яго ніколі!
    – Давай паспрабуем! – крыкнуў Сандрына і ўскочыў у ваду. Яна аказалася вельмі сцюдзёнай, і хлопчык хутка выбег на бераг.
    У гэты час да іх падплыла качка і сказала:
    – Я Майстар Спадарожны Вецер. А вы хто такія і чаго хочаце?
    – Мы дзеці. Хочам пераплыць гэтае возера.
    – Немагчыма, – сцвердзіла качка. – Вада тут вельмі халодная, а возера – шырокае. Аднак ёсць адзін спосаб. Можаце пабудаваць са сваёй лесвіцы човен і вёслы, каб пераплыць возера.
    Сандрына і Ларэта працавалі пад кіраўніцтвам качкі з вялікім запалам. У хуткім часе човен быў гатовы. Дзеці падзякавалі качцы і, энергічна вяслуючы, пераплылі на другі бераг возера.
    – Ох, які прыгожы човен! – сказаў прынц, якога яны сустрэлі там. – Ніколі не бачыў такой прыгажосці... Хачу мець яго!
    Прынц падараваў дзецям торбачку залатых манет. Сандрына і Ларэта ззялі ад радасці.
    – Цяпер мы зможам купіць шмат персікавых дрэў! – сказаў Сандрына. – За рэшту набудзем каня і павозку, каб усё перавезці. Мы ўжо навучыліся пераадольваць перашкоды, таму вернемся да нашых бацькоў іншым, больш простым шляхам.
   
    Маленькі Чытач! У паўсядзённым жыцці Ты таксама можаш сустрэцца з рознымі перашкодамі. Важна, каб умеў звяртацца за дапамогай да бацькоў альбо настаўнікаў ці катэхетаў. Галоўнае, ніколі не забывайся пра тое, што Езус на кожным кроку можа працягнуць Табе руку дапамогі, трэба толькі звярнуцца да Яго ў малітве. ”
пастаянна нагадваюць Табе катэхета, які служыць дапамогай у памнажэнні талентаў.
   
    Заданне: выпішы на аркушы паперы ўсіх тых, каго можаш назваць сваімі настаўнікамі, і падзякуй Пану Богу за іх у малітве.