Чаму ў адвэнтавым вянку чатыры свечкі?

Дзіцячы куточак

Трывае Адвэнт – радасны час чакання прыйсця Пана. Адна з самых прыгожых традыцый гэтага перыяду – запальванне чатырох свечак у вянку з яловых галінак. Звычайна тры свечкі чырвонага або фіялетавага колеру, а адна з іх, чацвёртая, бывае ружовай. Што ж яны азначаюць і чаму іх менавіта столькі? У першую нядзелю Адвэнту ўрачыста запальваецца першая свечка, якая называецца Свечкай прароцтваў. Яна сімвалізуе біблейскія прадказанні, што папярэднічалі з’яўленню Збаўцы – Езуса Хрыста. Другая свечка запальваецца ў другую нядзелю Адвэнту. Гэта Бэтлеемская свечка, названая так у памяць аб падарожжы Марыі і Юзафа ў старажытны горад і нараджэнні там Езуса. Трэцяя свечка – Свечка пастухоў – гарыць у вянку ад трэцяй нядзелі Адвэнту. Яна прысвечана пастухам, якія з дапамогай анёлаў першымі прыйшлі пакланіцца Дзіцяці. Чацвёртая завецца Свечкай анёлаў. Запальваецца ў нядзелю напярэдадні Божага Нараджэння. Сімвалізуе Боскую сутнасць Збавіцеля.

    Чакаем Тваіх “чаму”, якія можаш дасылаць на адрас рэдакцыі.
   
    На пытанні заўсёды гатовыя адказаць с. Вераніка Блізнюк FMA, салезіянскія аніматары Ганна Семак і Вераніка Рогач са Смаргоні.
   
Заданне:
    Разам з бацькамі зрабі ў хаце вянок з яловых галінак. Змясці на яго чатыры свечкі. Падчас вячэрняга рахунку сумлення запальвай свечкі і разважай аб тым, як Табе ўдалося выканаць прынятыя на Адвэнт пастановы, ці атрымалася стаць праз свае ўчынкі лепшым чалавекам.