Чаму людзі паміраюць, а не жывуць вечна?

Дзіцячы куточак

Паміраюць не толькі людзі. Свет уладкаваны так, што ўсё калі-небудзь знікае: жывёлы, расліны, такія нябесныя целы, як зоркі. У канцы свайго шляху яны перастаюць існаваць, выбухаючы або згасаючы.
    Хрысціяне вераць, што ў людзей пасля смерці пачынаецца вечнае жыццё. І калі яны робяць дабро і жывуць сумленна, то пасля зямной вандроўкі іх душа трапляе на нябёсы, дзе не бывае ні гора, ні пакут. Такое жыццё называюць вечным шчасцем.
    А зараз уяві на хвілінку, што раптам Табе падарылі несмяротнасць. І што тады будзеш мець 100, 200, 500 і нават больш гадоў. Ці не захочаш Ты сталець, расці? У адваротным выпадку можна назаўжды застацца сямігадовым або дзесяцігадовым дзіцём, вучыцца ў адным і тым жа класе, праходзіць адну і тую ж праграму. Напэўна, гэтага зусім не хочацца. Таму Бог і зладзіў усё самым мудрым чынам.
Калі-небудзь Ты таксама станеш дарослым, а потым – пажылым. Можа здацца дзіўным, але ў чалавека бывае не менш задавальнення і ў сталым узросце, калі ён можа перадаваць іншым людзям свае веды і жыццёвы вопыт. Стараецца дапамагчы ўнукам, радуецца іх поспехам. А набліжэнне смерці нашмат лягчэй сустракаць тым, хто сумленна жыве і працуе, тым, хто верыць у вечнае жыццё.
   
    Чакаем Тваіх “чаму”, якія можаш дасылаць на адрас рэдакцыі. На пытанні заўсёды гатовыя адказаць с. Вераніка Блізнюк FMA, салезіянскія аніматары Ганна Семак і Вераніка Рогач са Смаргоні.
   
Заданне:
    На працягу месяца лістапада разам з бацькамі маліцца за памерлых са сваёй сям’і.
Пры падрыхтоўцы рубрыкі выкарыстаны ўрыўкі з кнігі Ігара і Андрэя Баранавых “Тата, адкажы мне, чаму...”