Анёлы ў дапамогу

Дзіцячы куточак

Прывітанне, Маленькі Сябар! З пакалення ў пакаленне нашыя продкі распавядалі адзін аднаму прыпавесці, якія неслі ў сабе якое-небудзь павучанне. Шмат гісторый дайшло і да сённяшніх дзён. Адны з іх здольны нас натхняць, другія выклікаюць усмешку, трэція ж падштурхоўваюць над нечым задумацца. Усе яны пранікаюць у сэрцы падобна насенню, якое ў пэўны час прарасце і прынясе плады.
Прапануем Табе, наш Маленькі Сябар, скарыстасць са шматвекавога вопыту і напоўніцца чароўнай сілай продкаў. Рэдакцыя пачынае публікацыю цыкла хрысціянскіх прыпавесцей. Разам з бацькамі і сябрамі Ты можаш шукаць у іх сэнс. Толькі на першы погляд тлумачэнне ўяўляецца лёгкім і простым. Насамрэч разуменне гісторый можа атрымацца неадназначным: часта адно тлумачэнне дапаўняе другое, а часам яны нават супярэчаць адно аднаму.
Захацелася аднаму чалавеку прыняць удзел у будаўніцтве святыні, але грошай вялікіх у яго не было. Таму ён адправіўся ў горы, выламаў там гранітную пліту, абчасаў яе, адпаліраваў і вырашыў аднесці яе ў дар. Пачаў шукаць насільшчыкаў, але ніхто не згаджаўся такі велізарны камень да святыні даставіць танней, чым за пяць манет. А ў чалавека такіх грошай не было.
   
    Раптам падыходзяць да яго чатыры мужычкі – маленькія, кволыя – і кажуць:
    – Мы данясем твой камень за манету, толькі ты падмагчы нам павінен. Мы гэты камень табе на спіну ўзвалім, а самі будзем з чатырох бакоў падтрымліваць.
    – Ды мяне гэтая пліта тут жа раздавіць, а вы вунь худыя якія – таксама яе не ўтрымаеце, – адказаў чалавек.
    – Сам вырашай. Але падумай, для чаго ты хочаш зрабіць падарунак храму: для Бога пастарацца ці перад людзьмі пакрасавацца?
    Падумаў чалавек і кажа:
    – Для Бога хачу пастарацца.
    Памаліўся і падставіў сваю спіну. Узвалілі мужычкі пліту яму на спіну, а яна чамусьці апынулася лягчэй лёгкага. Хутка дабраліся яны да святыні.
    Развярнуўся чалавек, каб з мужычкамі разлічыцца, а іх і след прастыў.
   
    Хто дапамог чалавеку? Чаму яму стала лёгка несці пліту? Што чалавек зрабіў перад тым, як узваліў на спіну камень? Якіх учынкаў чакае ад нас Бог?