Ці можна гаварыць няпраўду?

Дзіцячы куточак

“Агідныя Пану вусны ілжывыя, а хто гаворыць праўду, даспадобы Яму”
(Прып 12, 22)
Бацька Антося па­чуў, як яго сын рас­­павядаў сябрам, што Міхась, новенькі ў групе, махляваў падчас гульні ў лапту. Але бацька, які бачыў гульню, ведаў, што Міхась паводзіў сябе сумленна. У той жа вечар ён пагаварыў пра гэта з Антосем. Аднак хлопчыка, відаць, амаль не турбавала тое, што ён гаварыў няпраўду.
    – Добра, можа, ён і не махляваў. Я бяру свае словы назад, – сказаў Антось з лёгкасцю.
    – Праўда? – здзівіўся бацька. – А ці ведаеш ты, што гэта зусім не лёгкая справа – узяць свае словы назад?
    Ён павёў Антося ў ванны пакой. Там ён даў хлопчыку цюбік зубной пасты.
    – Выцісні крышачку пасты ў ракавіну, – папрасіў ён сына.
    Антосю гэта падалося дзіўным, але ён выканаў просьбу бацькі.
    – А зараз, сынок, паспрабуй запхнуць зубную пасту назад у цюбік.
Антось паспрабаваў гэта зрабіць. Спачатку пры дапамозе зубной шчоткі, потым – іголкі і, нарэшце, – мамінай пілачкі для манікюра. Але ў яго нічога не атрымлівалася.
    – Бачыш, Антось, – стаў тлумачыць бацька, – калі ты сказаў няпраўду пра Міхася, ты зусім сабе не ўсведамляў, колькі людзей пачулі гэта. І так, як ты не можаш вярнуць зубную пасту ў цюбік, ты не можаш і вярнуць свае словы.
    Антось апусціў галаву.
    – Што ж мне зараз рабіць? – спытаў ён.
    – Ты можаш сказаць Богу, што шкадуеш пра свой учынак, і папрасіць прабачэння ў Міхася.
    – Добра, – сказаў Антось задуменна. – Думаю, сапраўды лепш не казаць таго, чаго не было.