Гарачае і халоднае сэрцы

Дзіцячы куточак

Ішлі па вузенькай горнай сцяжынцы два падарожнікі: адзін з гарачым сэрцам, а другі - з халодным. Ішлі яны ў далёкую краіну і хацелі знайсці чалавечае шчасце.
    - Паглядзі, якія вакол нас велічныя і магутныя горы, - сказаў чалавек з гарачым сэрцам.
    - Нічога асаблівага, проста сукупнасць велізарных камянёў, - адказаў чалавек з халодным сэрцам.
    - Паглядзі, якая далікатная кветачка, як цяжка ёй, напэўна, на гэтай камяністай глебе, - заўважыў чалавек з гарачым сэрцам.
    - Ха, знайшоў прыгажосць. Хіба я ў хаце не бачыў кветак? - здзівіўся чалавек з халодным сэрцам.
    Пайшлі яны па гарах далей і ўбачылі горнае возера.
    Чалавек з гарачым сэрцам сказаў:
    - Якое яно празрыстае, блакітнае і ціхае; такое ціхае, што снежныя вяршыні гор адлюстроўваюцца ў ім, як у люстэрку. А табе падабаецца? - спытаў ён спадарожніка.
- Нічога асаблівага, - адказаў чалавек з халодным сэрцам, - проста велізарная лужына вады. А снег я і летась бачыў.
    - Але, можа быць, ты адчуваеш, якое тут чыстае і свежае паветра, якое хочацца ўдыхаць усімі грудзьмі? - спытаў чалавек з гарачым сэрцам.
    - Ну вось яшчэ, выдумаў. Паветра ўсюды аднолькавае: што ў горадзе, што ў лесе, што ў гарах, - запярэчыў чалавек з халодным сэрцам.
    У пошуках шчасця і прыгажосці чалавек з гарачым і чалавек з халодным сэрцам так доўга ішлі па лясах і гарах, пакуль не сустрэлася ім пячора, у якой жыў мудры і добры стары чалавек. Ён ветліва прыняў гасцей і запрасіў іх да стала абедаць. Але на стале стаяў толькі збаночак з халоднай крынічнай вадой і ляжаў кавалачак яшчэ цёплага хлеба. Чалавек з гарачым сэрцам сеў за стол, з радасцю ўдыхнуў водар хлеба, здзівіўся чысціні і незвычайнаму смаку вады і падзякаваў старому чалавеку за сціплую ежу, а чалавек з халодным сэрцам, паморшчыўшыся, паспрабаваў хлеб з вадой і застаўся незадаволены пачастункам.
    Пасля абеду стары чалавек, даведаўшыся ад падарожнікаў, што тыя шукаюць шчасця, сказаў ім абодвум: “Адзін з вас ужо даўно знайшоў шчасце, а другому яшчэ доўга трэба яго шукаць. Ключ да шчасця - у нашых сэрцах. Шчаслівы той, чыё адкрытае сэрца лёгка адчувае прыгажосць і радасна адгукаецца на яе. Але таму, хто не заўважае прыгажосці вакол сябе, хто не дае свайму сэрцу цешыцца ёй, вельмі цяжка знайсці ў жыцці шчасце. Яно імкнецца абысці бокам тых, хто халодны сэрцам”.
    Так чалавек з гарачым і чалавек з халодным сэрцам даведаліся, што шчасце - не за гарамі, не ў багаццях і каралеўскіх палацах схавана, а знаходзіцца ўнутры кожнага чалавека. Але знайсці яго можа толькі той, хто мае жывое шчырае сэрца, якое ўмее цешыцца прыгажосцю.