Чаму ў месяцы маі людзі шмат моляцца да Марыі?

Дзіцячы куточак

ciekawcyМай – час асаблівага шанавання Маці Божай у Касцёле. У гэтым месяцы шматлікія вернікі збіраюцца ў святынях, пры гротах, дарожных каплічках, дзе знаходзіцца фігурка Марыі, каб разам спяваць Ларэтанскую літанію і праслаўляць Найсвяцейшую Маці прыгожымі малітвамі і спевамі.
Вытокі “маёвага” культу сягаюць V–VI стагоддзяў. Ужо тады ў Грэцыі, Сірыі і Святой Зямлі хрысціяне збіраліся (асабліва ў маі) каля выявы Маці Божай, каб разам маліцца. На Захадзе набажэнствы да Найсвяцейшай Панны Марыі бяруць пачатак у XIII–XIV стагоддзях. Гэтую традыцыю распачаў іспанскі кароль Альфонс X. Пасля яна распаўсюдзілася ў Партугаліі, Італіі і частках Германіі. Аднак заснавальнікам маёвых набажэнстваў у цяперашнім выглядзе лічаць а. Альфонса Мадзоралі, італьянскага езуіта з Ферары. У 1815 годзе папа Пій VII зацвердзіў маёвыя набажэнствы ў Касцёле, пасля чаго яны хутка распаўсюдзіліся па ўсім хрысціянскім свеце.
Маёвыя набажэнствы – гэта нагода для радаснай сустрэчы з Марыяй, магчымасць адказаць Маці Божай узаемнай любоўю і падзякаваць Ёй за нястомную апеку, бо, як ведаем, Марыя ніколі не пакідае чалавека, які аддаўся Яе заступніцтву. Пра гэта сведчыць цікавае апавяданне святара-салезіяніна Бруна Фэрэра “Фігурка на полі”.
    Ян Марыя Віянэй з Арс, які пазней стаў святым, меў старэйшага брата Францішка. Той заўсёды высмейваў яго, што часта здараецца паміж дзецьмі. Але аднойчы малодшы брат “адпомсціў” старэйшаму.
    Неяк адна паважаная жанчына падарыла Яну фігурку Марыі, і ён паставіў яе на тумбачцы. Калі братоў выслалі працаваць у поле, Ян узяў фігурку Маці Божай з сабой. Францішку, які быў большы і мацнейшы, заўсёды ўдавалася абагнаць брата і першаму скончыць працу. Але на гэты раз Ян капаў і… маліўся, ставячы фігурку Марыі на некалькі крокаў перад сабой. Калі даходзіў да яе, зноў перастаўляў на некалькі крокаў уперад. І, здавалася, зусім не адчуваў стомленасці.
    – Я змагу! – паўтараў сабе і паглядаў на Марыю, якая пяшчотна ўсміхалася яму. Гэтага было дастаткова, каб узмоцніць намаганні. І Ян працягваў заставацца нароўні са сваім старэйшым братам.
    Увечары Францішак, трохі незадаволены, прызнаўся маці, што Ян працаваў на адным узроўні з ім. Але пасля дадаў: “Аднак стаўка не была справядлівай! Я быў сам, а яму дапамагала Найсвяцейшая Панна Марыя”.
   Няхай жа і нашы спевы ды малітвы да Маці Божай будуць прыгожымі, а Яна няхай усміхнецца кожнаму з нас і адорыць сваімі ласкамі!
   
Заданне:
    зрабі разам з бацькамі прыгожую каплічку, каля якой будзеш маліцца да Марыі на працягу месяца мая.

   
    Чакаем Тваіх “чаму”, якія можаш дасылаць на адрас рэдакцыі.
    На пытанні заўсёды гатовыя адказаць салезіянкі са Смаргоні.