Чаму быў устаноўлены Дзень хворых?

Дзіцячы куточак

lor11 лютага, ва ўспамін Маці Божай з Лурд, мы адзначаем Сусветны дзень хворых, які ў 1992 годзе ўстанавіў св. папа Ян Павел II.
    Мэта гэтага дня – прыцягнуць увагу людзей да праблем і пакут, з якімі сутыкаюцца хворыя на ўсёй планеце, на неабходнасць аказання ім якаснай медыцынскай, а таксама матэрыяльнай і маральнай дапамогі. Грамадству ў чарговы раз прыпамінаецца, што варта выказваць церпячым спачуванне, салідарнасць, спагаду і міласэрнасць.
Не ўсім пашчасціла мець моцнае здароўе. Колькасць хворых людзей з кожным днём павялічваецца. Але кожны з нас, несумненна, можа дапамагчы церпячаму, праявіўшы клопат пра яго і падзяліўшыся з ім сваім душэўным цяплом. Увага, маральная падтрымка – самае, бадай, галоўнае, што неабходна хвораму чалавеку. У той жа час гэта выдатная магчымасць задумацца аб уважлівым стаўленні да ўласнага здароўя, напамін пра тое, што павінны быць неабыякавымі і адкрываць свае сэрцы на іншых. А прыкладам таму няхай стане гэтая цікавая гісторыя Зофіі Станецкай, якую зараз прапануем Тваёй увазе.
    Мама і Янак выехалі на некалькі дзён, а з Басяй і Франкам застаўся бацька.
    – Што мы будзем рабіць? – спыталася Бася, калі зачыніліся дзверы за мамай і братам.
    – Ідзём спаць? – прапанаваў бацька і пазяхнуў. Мінулай ноччу ён працаваў і не адаспаўся.
    – О, тата, не жартуй! – усклікнула Бася.
    – Не-не! – падтрымаў яе Франак.
    – Мы можам пагуляць у лекара, – прапанавала Бася. – Франак будзе хворы, а мы...
    – Не холы! – пратэставаў маленькі хлопчык, які яшчэ не вымаўляе ўсе літары. Ён падышоў да бацькі і пацягнуў яго за штаніну. – Фанак не холы, не?
    – Ты здаровы ад галавы да пят, – супакоіў яго бацька. – Але я б вельмі хацеў прылегчы.
    – У такім выпадку, ты будзеш хворым, а мы з Франкам будзем цябе лячыць, – узрадавалася Бася.
    – Ну, я не ведаю... – адказаў няўпэўнена бацька.
    – Тата холы? Фанак пытуліць, – сказаў хлопчык і прыціснуўся да ног бацькі.
    – Так, бедны тата хворы. Нам неабходна паклапаціцца пра яго, – сказала Бася, узяла бацьку за руку і завяла яго ў спальню. – Ты павінен ляжаць. Пацыенты не павінны бегаць па шпіталі, таму што яны могуць заразіць іншых.
    Тата быў настолькі стомлены, што нават не пратэставаў.
    – Я прылягу толькі на кароткі час, – сказаў ён. Сеў на ложак, нахіліў галаву і, ледзь абапершыся на падушку, заснуў.
    – Тата спі? – спытаўся Франак.
    Бася ўзняла бацьку павека.
    – Так, ён спіць, – пацвердзіла яна. – Мы павінны яго чым-небудзь укрыць.
    Дзяўчынка пайшла ў свой пакой і прынесла адтуль коўдру, пакрывала і спальны мяшок.
    – Хвораму павінна быць цёпла, – сказала яна, накрываючы “пацыента” ўсім, што было. Франак пацёр бацьку нос, які выглядаў з-пад спальніка.
    – Тата холы. Фанак пытуліць, – зноў і зноў ён паўтараў свае словы.
    Бася тым часам задавалася пытаннем: “Што ж яшчэ мы можам зрабіць для таты?”.
    – Лекаў яму не будзем даваць, таму што ён іх цяпер не праглыне, – прамармытала сабе пад нос дзяўчынка. – Я ведаю! Мы можам пасмараваць яго чымсьці!
    Бася прынесла крэм для ног і зубную пасту, а таксама бутэльку алею, міску і лыжку. Наліла ў міску алею, дадала да яго крэм і пасту. І асцярожна ўсе перамяшала.
    – Гэта спецыяльная мазь ад усіх хвароб, – растлумачыла сястра брату. – Безумоўна, гэта дапаможа нашаму тату.
    – Тата холы. Фанак пытуліць, – прамармытаў Франак, намазваючы мазь бацьку на валасы, лоб, нос, шчокі і вусны.
    – Ааа! – закрычаў бацька, калі алей з пастай трапілі яму ў вочы. Ён ускочыў з ложка, увесь у тлушчы ад мазі.
    – Тата не холы! – радаваўся Франак.
    – Я ж табе казала, што гэта дапаможа, – усміхалася Бася.
    Момант тата стаяў пасярэдзіне пакоя, спрабуючы зразумець, што з ім здарылася. Потым ён сказаў наступнае:
    – Па-першае, я думаю, што зараз мне дапаможа добры душ. А па-другое, потым мы будзем гуляць разам, таму што цяпер я доўга не засну.
    – Ура! – крыкнула Бася.
    – Уя! – паўтарыў за ёй Франак.
    Заўсёды варта клапаціцца аб хворых людзях, бо калі мы дапамагаем ім, дапамагаем самому Езусу. Хрыстос гаворыць: “Сапраўды кажу вам: тое, што вы зрабілі аднаму з гэтых братоў Маіх меншых, вы Мне зрабілі” (Mц 25, 40).
   
Заданне:
    намалюй вялікае сэрца і ўпішы ў яго сваю малітву да Маці Божай з Лурд. Памаліся за хворых, якіх Ты ведаеш, і за ўсіх, хто знаходзіцца ў шпіталі.

   
    Чакаем Тваіх “чаму”, якія можаш дасылаць на адрас рэдакцыі.
    На пытанні заўсёды гатовыя адказаць салезіянкі са Смаргоні.