Віктарына на тэму: “Што я ведаю пра манаскае жыццё?”

Дзіцячы куточак

Кансэкраваныя асобы шмат у чым застаюцца для свецкіх загадкай. Можа здавацца, што манахі і манахіні закрытыя ад людзей, але насамрэч яны проста імкнуцца засяродзіцца на найважнейшым у жыцці. Ёсць нагода задумацца, што ведаем пра тых, хто штодня моліцца за нас Богу.
1. Да якой манаскай супольнасці належаў вядомы італьянскі кампазітар, скрыпач-віртуоз Антоніа Вівальдзі?
    А) капуцыны,
    Б) францысканцы,
    В) міхаліты.

    2. Які ордэн мае неафіцыйную назву “Псы Гасподнія”?
    А) езуіты,
    Б) палатыны,
    В) дамініканцы.
   
    3. Што такое клаўзура?
    А) закрытая частка манаскага дома ці кляштара,
    Б) манаскае правіла, якое абмяжоўвае кантакты членаў ордэна са свецкімі асобамі.
   
    4. Злучы выяву манахіні з назвай кангрэгацыі, да якой яна належыць (адрозным знакам з’яўляецца хабіт).
   
 салезіянка  бенедыкцінка  францысканка  кармэлітка

    5. Ці могуць людзі жыць згодна з манаскай традыцыяй у свецкім асяроддзі?
    А) так,
    Б) не.
   
  ⬇︎ Адказы глядзі ніжэй, выдзяляючы белае поле курсорам ⬇︎
1 Б
    Антоніа Вівальдзі склаў манаскія абяцанні ў ордэне францысканцаў. Пасля святарскага пасвячэння атрымаў паслабленне ў справе цэлебрацыі св. Імшы па прычыне дрэннага стану здароўя (перажываў цяжкія прыступы астмы). Вышэйшае духоўнае кіраўніцтва дазволіла яму абмежавацца вычытваннем асаблівага малітоўнага правіла.
    Да канца жыцця музыкант не расставаўся ні з хабітам, ні з малітоўнікам.
   
    2 В
    Выраз “Псы Гасподнія” сугучны з лац. “Domini canes”, чым і абумоўлена распаўсюджанне неафіцыйнай назвы ордэна дамініканцаў. Такім чынам падкрэсліваецца, што члены манаскай супольнасці аддана прысвячаюць сваё жыццё місіі ордэна – ахове веры Касцёла ад ерасі і прасвятленню чалавецтва праз прапаведаванне Добрай Навіны. А паходзіць назва супольнасці ад імя яе заснавальніка св. Дамініка дэ Гусмана Гарсеса.
   
    3 А, Б
    Паняцце “клаўзура” мае некалькі значэнняў. Па-першае, яно абазначае месца, дзе дазволена знаходзіцца толькі манахам. У клаўзуру не могуць уваходзіць асобы звонку, а асабліва іншага полу. Па-другое, гэта кананічныя рэкамендацыі, якія абмяжоўваюць камунікацыю манахаў з пабочнымі асобамі, а таксама правілы, якія акрэсліваюць час і маштаб камунікацыі ўнутры ордэна. Манахі і манахіні могуць выходзіць з клаўзуры толькі па вельмі важных прычынах, папярэдне атрымаўшы на гэта дазвол у настаяцеля супольнасці.
   
    4
    Францысканскі хабіт уяўляе сабой доўгую чорную сукенку, падпаясаную белай вяроўкай з вузламі, што нагадваюць аб складзеных абяцаннях. Зверху надзяваецца белая палярына. Адрозненне хабіта бенедыкцінак – шырокія рукавы. Сясцёр супольнасці можна пазнаць па доўгім чорным вэлюме, які закрывае лоб і падбародак.
    Кармэліткі носяць карычневы строй, перапаясаны скураным рамянём з пацеркамі на левым баку. Падчас літургіі на хабіт накладаецца доўгая белая накідка.
    Цікава, што ў салезіянак няма строга акрэсленага манаскага ўбрання. Але ў большасці краін свету сёстры супольнасці носяць хабіт шэрага колеру з выразам на шыі, пад які надзяваецца белая вадалазка ці блузка.
   
    5 А
    У Касцёле, згодна з зацверджаным Святым Прастолам уставам, пры 8-мі каталіцкіх ордэнах – францысканцаў, дамініканцаў, аўгусцінцаў, сервітаў, кармэлітаў, мінімаў, трынітарыяў, прэманстрантаў – дзейнічаюць Трэція ордэны (першай лічыцца мужчынская галіна ордэна, другой – жаночая). Яны прызначаны для людзей, якія прагнуць скласці абяцанні і жыць у адпаведнасці з духоўнасцю манаскай супольнасці, але не жадаюць пакідаць свет. Члены Трэцяга ордэна называюцца тэрцыярыямі. Да іх ліку належалі, між іншым, св. Ян Марыя Віянэй і св. Кацярына Сіенская.