Чаму трэба рыхтавацца да свят Божага Нараджэння?

Дзіцячы куточак

ciekawcyРаспачынаецца Адвэнт – перыяд, які папярэднічае святам Божага Нараджэння. Гэта час поўнага глыбокай пашаны і радаснага чакання прыйсця Хрыста на зямлю. Падчас яго мы павінны ўзрастаць у тузе і жаданні сустрэць Езуса. Варта старанна рыхтаваць сэрцы на Яго прыняцце, сумленна выконваць свае абавязкі. У той жа час, адорваць увагай кожнага чалавека, каб не мінуць Бога, як гэта зрабіла жанчына з апавядання Бруна Фэрэра.
Жыла сабе адна шаноўная жанчына, якая шмат часу праводзіла на малітве. Аднойчы яна пачула голас Бога, які прамовіў: “Сёння Я наведаю цябе”. Жанчына з радасцю ўзялася прыбіраць, чысціць хату, мясіць і пячы пірагі. Затым апранулася ў самую прыгожую сукенку і стала чакаць прыходу Пана. У нейкі момант нехта пастукаў. Старая пабегла, каб адчыніць дзверы. Але гэта была толькі суседка, якая мела хворае дзіця. Яна прасіла тэрмометр. Гаспадыня адштурхнула тую ад дзвярэй, гаворачы: “Ідзі да іншага суседа, таму што цяпер у мяне няма часу на такое глупства. З нецярпеннем чакаю ў госці добрага Бога”. Праз некаторы час нехта зноў пастукаў. Жанчына паглядзела ў люстэрка, паправіла валасы і пабегла адчыняць. Але хто гэта быў? Хлопчык, які прадаваў некаторыя танныя рэчы. Жанчына выпаліла: “Чакаю Бога! У мяне няма часу. Прыходзь пазней”.
    Незадоўга пастукалі ізноў. Гэта была жанчына, якая прасіла аб падтрымцы для сваіх дзяцей, таму што яе муж страціў працу. Старая злосна адказала: “О, не! Пакіньце ўсе сёння мяне ў спакоі! Я чакаю важнага Госця”.
    Дзень паволі падыходзіў да завяршэння, а Бог так і не аб’яўляўся. Неўзабаве жанчына, расчараваная, пайшла спаць. У сне да яе з’явіўся Бог і сказаў: “Сёння Я прыходзіў да цябе аж тры разы! І тры разы ты не прыняла Мяне…”.
    Няхай Марыя – Маці Збаўцы, разам з якой рыхтуемся да свят Божага Нараджэння – будзе для нас узорам руплівага чакання, а таксама дапаможа адкрыць сэрцы на кожнага чалавека.
   
Заданне:
    падрыхтуй ліхтарык і прымі ўдзел у раратняй св.Імшы.

   
    Чакаем Тваіх “чаму”, якія можаш дасылаць на адрас рэдакцыі.
    На пытанні заўсёды гатовыя адказаць салезіянкі са Смаргоні.