Чаму трэба зноў хадзіць на катэхезу?

Адпачынак - Дзіцячы куточак

Скончыліся канікулы, ва ўсіх навучальных установах празвінеў першы званок. Дзеці накіраваліся ў школу, каб здабываць новыя веды, якія дапамогуць ім у будучым атрымаць прафесію. А ці абавязкова трэба далей наведваць заняткі катэхезы, калі ўжо хадзіў у мінулым годзе, рэгулярна бываеш у касцёле і ўмееш маліцца?
    Усе мы як веруючыя людзі павінны пастаянна пазнаваць Створцу. Заняткі рэлігіі адрозніваюцца ад школьных прадметаў, у асноўным, тым, што не проста навучаюць ведам, а запрашаюць да добрага жыцця, заснаванага на Божым кіраўніцтве. Тое, ці будзеш Ты выконваць сваю будучую прафесію культурна, з прысвячэннем, шмат у чым залежыць ад плёну катэхезы.
Сёння Тваёй увазе прапануем апавяданне Бруна Фэрэра “Вочы цесляра”.
    Вельмі даўно ў пэўным сяле існавала маленькая майстэрня цесляра. Аднойчы, калі гаспадара не было, усе яго інструменты склікалі агульны сход. Гаворка ішла аб выключэнні з магутнай высакароднай супольнасці некаторых яе членаў.
    Адзін з удзельнікаў сустрэчы сказаў:
    – Мы павінны выдаліць з нашых шэрагаў сястру Пілу, якая занадта вострая і скрыпіць зубамі. Яна мае вельмі знішчальны характар.
    Нехта дадаў:
    – Не можам таксама трымаць у нашых шэрагах брата Рубанка. Ён ні з чым не згаджацца і памяншае, абдзіраючы са скуры, усё, на што наткнецца.
    – Мы добра ведаем, што жорсткі і гвалтоўны характар мае наш брат Малаток, – запярэчыў хтосьці іншы. – Я б сказаў, што ён любіць біць. Спосаб, якім Малаток настойвае на ўсім, невыносны, і яго голас зводзіць нас з розуму. Давайце пазбавімся Малатка!
    – А Цвікі? – пачулася ў натоўпе. – Ці можаце вы жыць з тымі, хто чапляецца да ўсяго? Тое ж самае з Напільнікам і Скрабком. Зносіны з імі – гэта бесперапыннае трэнне. Няхай пакіне нас і Наждачная Папера, якая таксама бачыць адзіную жыццёвую мэту ў тым, каб пацерціся з усімі.
    Такім чынам інструменты цесляра пачалі размаўляць паміж сабой усё больш голасна і энергічна, перабіваючы адзін аднаго. Малаток патрабаваў выдалення Напільніка і Скрабка, а тыя хацелі пазбавіцца Малатка і г. д.
    У выніку аказалася, што трэба выдаліць усіх.
    Размову перапыніла раптоўнае вяртанне цесляра. Калі ўсе інструменты ўбачылі яго набліжэнне да працоўнага стала, адразу суцішыліся. Цясляр узяў дошку і распіліў яе вострай Пілой. Пасля апрацаваў дрэва Рубанкам, які выдатна памяншае ўсё, да чаго дакранаецца. Пасля мужчына ўзяў Скрабок, што прымае ўсё на зуб, потым схапіў Наждачную Паперу, якая сцірае і драпае. І, урэшце, узяўся за вельмі вострыя Цвікі і моцны Малаток, які добра б’е.
    Усе свае інструменты, якія маюць такія невыносныя характары, цясляр выкарыстоўваў для вырабу калыскі. Прыгожай калыскі, што будзе служыць дзіцяці, якое хутка народзіцца. Усё гэта дзеля таго, каб прыняць Жыццё.
    Бог глядзіць на ўсіх нас вачыма цесляра. І Ён хоча, каб мы спаўна выкарыстоўвалі ўласныя таленты і ўсё больш пазнавалі і любілі Яго, бо для кожнага Усемагутны мае свой вялікі план.
   
Заданне:
    памаліся за катэхетаў, якія на працягу года будуць дапамагаць Табе пазнаваць Бога.

   
    Чакаем Тваіх “чаму”, якія можаш дасылаць на адрас рэдакцыі.
    На пытанні заўсёды гатовыя адказаць салезіянкі са Смаргоні.