Што мы ведаем пра бацькоў Марыі?

Дзіцячы куточак

У кожнага чалавека ёсць свае бацькі. Яны былі і ў Найсвяцейшай Панны. Што нам пра іх вядома? Згодна хрысціянскай традыцыі, бацькамі Марыі былі Яўхім, які паходзіў з Назарэта, з царскага роду Давіда, з месіянскага калена Юды, і Ганна – з Бэтлеема, з архірэйскага роду Аарона, са святарскага калена Левія.
    Сужэнства было жанатае 20 гадоў. Вяло праведнае жыццё, аказваючы міласэрнасць бедным і вандроўнікам, рэгулярна прыносячы ахвяраванні ў Божы храм. Але Усемагутны не даваў сужэнскай пары дзяцей – была бясплодная. Калі падчас аднаго свята Яўхім прыйшоў у Ерусалім, першасвятар Рувім не прыняў яго дароў на падставе таго, што той не пакінуў нашчадкаў Ізраілю.
Прагледзеўшы радавод 12-ці плямёнаў, Яўхім убачыў, што ўсе праведнікі мелі дзяцей. Засмуціўшыся, ён пайшоў у пустыню, дзе пасціўся і маліўся Богу 40 дзён і 40 начэй. Па сканчэнні гэтага часу Анёл абвясціў яму пра нараджэнне дачкі Марыі: “Яўхім, Яўхім, Бог пачуў твае малітвы. Ідзі адсюль, бо жонка твая Ганна зачне ва ўлонні сваім”.
    Ганна, застаўшыся без Яўхіма, таксама малілася Пану, каб дараваў ёй дзіця. Пры гэтым жанчына дала абяцанне, што прысвеціць сваё дзіця Богу. Прад ёй паўстаў Анёл і сказаў: “Ганна, Ганна, Пан пачуў тваю малітву. Ты зачнеш і народзіш, і пра нашчадства тваё будуць гаварыць ва ўсім свеце”.
    Анёл загадаў Ганне ісці ў Ерусалім, прадказаўшы, што яна сустрэне свайго мужа ля Залатых варот. Так і адбылося. Залатыя вароты сталі сімвалам бязгрэшнага зачацця Марыі. Яўхім і Ганна прынеслі ўдзячныя ахвяры ў Божы храм.
    Праз пэўны час у Назарэце нарадзілася Найсвяцейшая Дзева. Па юдэйскаму звычаю ў 15-ты дзень пасля нараджэння Ёй было дадзена імя Марыя, названае Анёлам Божым, што значыць “высокая”, “якая пераўзыходзіць”, “спадарыня”, “надзея”. Да 3-гадовага ўзросту Марыя жыла ў доме бацькоў, а затым урачыста была прыведзена імі ў святыню, дзе выхоўвалася да паўналецця.
    Неўзабаве пасля ўвядзення ў храм Багародзіцы 80-гадовы старац Яўхім памёр. Ганна перажыла яго на 2 гады і адышла да Бога ва ўзросце 79 гадоў. Марыя заўсёды шанавала сваіх бацькоў і была ўдзячная ім за ўсё, што атрымала.
    Мы таксама павінны шанаваць сваіх бацькоў і заўсёды пра іх памятаць. Пацвярджэннем таму няхай будзе грузінская прытча “Падвесны мост”, якую зараз прапануем Тваёй увазе.
    На шляху паміж двума высакагорнымі паселішчамі была глыбокая цясніна. Жыхары гэтых мясцовасцей пабудавалі над ёй падвесны мост, які складаўся з чатырох тросаў. Паміж двума ніжнімі знаходзіліся драўляныя дошчачкі, па якіх хадзілі людзі і нават пераганялі быдла. А два іншыя тросы служылі парэнчамі, за якія можна было трымацца, пераходзячы цясніну.
    Мясцовыя жыхары настолькі прызвычаіліся хадзіць па гэтым мосце, што маглі нават не трымацца за парэнчы. Па дошчачках бясстрашна перабягалі цясніну дзеці.
    Але вось аднойчы раніцай два верхнія тросы кудысьці зніклі. Людзі падыходзілі да моста, але ніхто з іх не змог зрабіць і кроку па ім. Хоць пры наяўнасці за тросы можна было і не трымацца, без іх цясніна здавалася непераадольнай.
    Так і з бацькамі. Пакуль яны жывыя, нам здаецца, што можам абысціся без іх. Але як толькі мы іх губляем, жыццё адразу пачынае здавацца вельмі цяжкім.
   
Заданне:
    памаліся за сваіх бацькоў, падзякуй ім за выхаванне і за ўсё тое, што ад іх атрымліваеш.

   
    Чакаем Тваіх “чаму”, якія можаш дасылаць на адрас рэдакцыі.
    На пытанні заўсёды гатовыя адказаць салезіянкі са Смаргоні.