Чаму так важна здзяйсняць добрыя ўчынкі?

Дзіцячы куточак

Падчас Вялікага посту мы чуем заклік Пана Езуса, каб рабіць добрыя справы, бо вера без учынкаў мёртвая (параўн. Як 2, 17). Што ж гэта за ўчынкі, і якую ролю яны адыгрываюць у жыцці чалавека?
    Першым добрым учынкам з’яўляецца малітва. Яна адкрывае нас на Бога, на размову з Ім. Другі – пост, калі мы дабравольна адмаўляемся ад нейкіх прыемнасцей. І, нарэшце, трэці – міласціна. Гэта жэст любові да бліжняга, які выражаецца праз ахвяру на карысць іншага чалавека. Той, хто любіць, умее дзяліцца тым, што мае, нават калі ў яго нечага зусім мала. Але варта памятаць і пра тое, што міласціна – не толькі матэрыяльны падарунак. Перш за ўсё, гэта падарунак сэрца. Тут вельмі важная праява дабрыні, павагі да чалавека, гатоўнасць удзяліць яму ўвагу і свой час.
    У часе Вялікага посту трэба імкнуцца рабіць больш добрых спраў. І, галоўнае, здзяйсняць іх у пакоры сэрца. А каб усвядоміць, наколькі гэта важна, прапануем Тваёй увазе прыпавесць манаха Сямёна Афонскага.
Жыў-быў адзін чалавек. І жыў ён не вельмі добра – блытана. Вырашыў тады ўзяцца за розум: здзяйсняць добрыя ўчынкі, каб ратаваць душу. Рабіў іх, рабіў, а асаблівай змены да лепшага ў сабе не заўважаў.
    Неяк ішоў ён па вуліцы. Заўважыў, як у бабулькі гузік з паліто абарваўся і ўпаў на зямлю. Думае: “Ды чаго там! Гузікаў у яе яшчэ хопіць. Не падымаць жа! Глупства нейкае”. Але ўсё-такі, крэкчучы, падняў, дагнаў старую, аддаў ёй гузік і хутка пра гэта забыўся.
    Памёр ён і бачыць шалі: злева – яго дрэнныя ўчынкі, а справа – нічога няма, пуста. “Эх, – кажа сам сабе чалавек, – і тут не пашанцавала”. Аж бачыць, анёлы на шалі гузік кладуць... І чаша з добрымі справамі паволі апускаецца. “Няўжо адзін гэты гузік здольны пераважыць усе тое зло, што я ўчыніў? – дзівіцца чалавек. – Колькі добрых спраў я зрабіў, а іх і не відаць?”. А анёл адказвае яму: “З-за таго, што ты ганарыўся імі, то і прапалі. А вось менавіта гэтага гузіка, пра які забыўся, хапіла, каб ты ад згубы выратаваўся…”.
   
    Памятай, кожны – нават самы маленькі і просты – учынак, калі ён зроблены бескарысна, з любоўю да бліжняга, можа збавіць Тваю душу.
   
   
    Чакаем Тваіх “чаму”, якія можаш дасылаць на адрас рэдакцыі.
    На пытанні заўсёды гатовыя адказаць салезіянкі са Смаргоні.
Заданне:
    паспрабуй штодня рабіць добрую справу. Запісвай яе ў сшытак, каб увечары паразмаўляць пра гэта з бацькамі.