ГРОДНА
Аўторак,
16 красавіка
2024 года
 

Слова для Жыцця

Слова для Жыцця (214)

Слова для Жыцця

bazilikaПапская рада
   па справах
   душпастырства
   работнікаў сферы
   аховы здароўя

   Усе, хто прымае ўдзел у палітыцы аховы здароўя і эканамічным кіраўніцтве службай аховы здароўя, […] павінны ахоўваць і павялічваць агульнае дабро, незалежна ад абавязку справядлівасці, згодна з прынцыпамі салідарнасці і субсідыярнасці…
    Дзеля гэтай мэты адказныя за ахову здароўя, прызнаючы асаблівы характар каталіцкіх структур аховы здароўя, могуць плённа супрацоўнічаць, уносячы такім чынам свой уклад у будаванне “цывілізацыі «любові і жыцця», без якой існаванне асоб і грамадства губляе свой найбольш чалавечы сэнс” (“Evangelium vitae”, Ян Павел ІІ).
 

Слова для Жыцця (213)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
   Мы часта ідзём да Бога толькі тады, калі патрабуем дапамогі. Але Усемагутны бачыць далей і запрашае нас ісці далей, шукаць не толькі Яго дары, але і Яго самога – Пана ўсіх дароў; даверыць Яму не толькі праблемы, але і жыццё. Такім чынам Ён зможа нарэшце даць нам самую вялікую ласку – аддаць сваё жыццё.
    Так, самае галоўнае ў жыцці – зрабіць з яго дар. Гэта тычыцца ўсіх: бацькоў у адносінах да сваіх дзяцей і дзяцей у адносінах да пажылых бацькоў. Тут мне на думку прыходзіць сітуацыя многіх старэйшых людзей, пакінутых у адзіноце сваімі сем’ямі, быццам яны – прабачце, што так скажу, – адходы. Гэта драма сучаснасці: адзінота пажылых, бо жыццё дзяцей і ўнукаў не становіцца дарам для старэйшых. Зрабіць з жыцця дар для тых, хто жыве ў шлюбе, і тых, хто кансэкраваны; гэта актуальна ўсюды, як дома, так і на працы, і распаўсюджваецца на ўсіх вакол нас. Бог хоча, каб мы раслі ў дары: толькі такім чынам станем вялікімі.
Фрагмент прамовы перад малітвай “Анёл Панскі” ў Ватыкане, 29.09.2020
   

Слова для Жыцця (212)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
   Езус – гэта мост, пантыфекс, памост паміж намі і Айцом. Езус паказвае Айцу свае раны, якія з’яўляюцца цаной нашага збаўлення. Майсей – гэта вобраз Езуса – заступніка, які моліцца за нас, просіць за нас.
    Майсей пабуджае маліцца з такім жа запалам, што і Езус, каб заступаліся за свет, памяталі, што, нягледзячы на ўсе свае слабасці, ён усё роўна належыць Богу. Усе належаць Богу: закаранелыя грэшнікі, самыя дрэнныя людзі, найбольш карумпіраваныя кіраўнікі з’яўляюцца Божымі дзецьмі, і Езус адчувае гэта і просіць за ўсіх. А свет жыве і развіваецца дзякуючы бласлаўленню праведніка, дзякуючы набожнай малітве, якую святы, справядлівы, заступнік, святар, біскуп, папа, свецкі чалавек, кожны ахрышчаны пастаянна ўзносіць за людзей, у кожным месцы і ў кожны перыяд гісторыі.
    Падумаем пра Майсея заступніка і калі ў нас з’явіцца жаданне кагосьці асудзіць, калі злуемся ўнутры. Раззлаванне робіць нам дабро, ёсць штосьці збаўчае ў гэтым, але асуджэнне не робіць дабра... Калі злуешся, што мусіш зрабіць? Ідзі, прасі за таго чалавека. Гэта нам вельмі дапаможа.
Фрагмент прамовы падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане, 17.06.2020
   

Слова для Жыцця (211)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
   Чытаючы Кнігу Быцця, бачым, як Абрагам жыў малітвай у нястомнай вернасці таму Слову, якое рэгулярна з’яўлялася на яго дарозе. Можам сказаць, што ў жыцці Абрагама вера становіцца гісторыяй.Больш таго, Абрагам сваім жыццём і прыкладам паказвае нам тую дарогу, тое пілігрымаванне, у якім вера становіцца гісторыяй… Навучымся ад Абрагама маліцца з верай, слухаць Пана, накіроўвацца за Ім, весці дыялог, а нават і дыскусію; не боймася спрачацца з Богам, нават сказаць штосьці, што магло б здавацца ерассю. Я шмат разоў чуў людзей, якія казалі мне: “Ведаеш, Ойча, у мяне здарылася штосьці такое, і я раззлаваўся на Бога. – Ты адважыўся злавацца на Бога? – Так, я раззлаваўся. – Гэта пэўная форма малітвы, таму што толькі сын можа раззлавацца на бацьку, а затым сустрэць яго зноў”.
    Давайце вучыцца ад Абрагама слухаць, накіроўвацца, весці дыялог і дыскутаваць, але заўсёды быць гатовымі прыняць Божае слова і ўвесці яго ў жыццё. Давайце навучымся размаўляць з Богам, як сын са сваім бацькам. Выслухоўваць Яго, адказваць, спрачацца, але празрыста – як сын з бацькам. Такой малітве вучыць нас Абрагам.
Фрагмент прамовы падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане, 03.06.2020
   

Слова для Жыцця (210)

Слова для Жыцця

Кс. абп
   Тадэвуш Кандрусевіч

   Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18 мая 2020 года “Аб сацыяльнай падтрымцы асобных катэгорый грамадзян”, між іншым, прадугледжвае першую бясплатную спробу экстракарпаральнага апладнення (ЭКА). Гэта азначае, што грахоўную працэдуру, якая супярэчыць Святому Пісанню і маральнаму вучэнню Касцёла, плануецца фінансаваць таксама за кошт падаткаў вернікаў.
   

Слова для Жыцця (209)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
   Вера з’яўляецца крыкам; нявер’е – падаўленнем гэтага крыку, своеасаблівай “амертай” – згаворам маўчання. Вера з’яўляецца пратэстам супраць жаласнага стану, прычыны якога мы не разумеем; нявер’е – знашэннем сітуацыі, да якой прыстасаваліся. Вера з’яўляецца надзеяй, што будзем збаўлены, нявер’е – прывычкай да зла, якое нас непакоіць.
    У сэрцы чалавека існуе ўмольны голас, мацнейшы за любы іншы аргумент супраць. Голас, які ўзнікае спантанна, ніхто яго не навязвае, голас, які засяроджвае над сэнсам нашага пілігрымавання тут, на зямлі, асабліва, калі знаходзімся ў цемры: “Езу, змілуйся нада мной! Езу, змілуйся над усімі намі!”.
    Але ці ж гэтыя словы не выгравіраваны ва ўсім стварэнні? Усё заклікае і моліць, каб таямніца міласэрнасці знайшла сваё канчатковае выкананне. Моляцца не толькі хрысціяне: яны раздзяляюць крык малітвы з усімі людзьмі. Але гэты гарызонт можна яшчэ пашырыць: св. Павел гаворыць, што ўсё стварэнне “стогне і нараджае ў пакутах” (Рым 8, 22). Мастакі часта выражаюць гэты маўклівы крык, які непакоіць кожнае стварэнне і праяўляецца найперш у сэрцы чалавека, бо чалавек – “жабрак Бога” (параўн. ККК 2559).
Фрагмент прамовы падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане, 06.08.2020
   

Слова для Жыцця (208)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
   Мы зграшылі супраць Зямлі і супраць нашых бліжніх, і, па сутнасці, супраць Стварыцеля, добрага Айца, які клапоціцца пра кожнага і жадае, каб жылі разам у адзінстве і дабрабыце… Пакліканы аднавіць адчуванне сакральнай пашаны да Зямлі, бо яна з’яўляецца не толькі нашым, але і Божым домам. Адсюль нараджаецца ўсведамленне таго, што стаім на святой зямлі.
    У гэты велікодны час аднаўлення адновім высілак, накіраваны на тое, каб любіць і цаніць цудоўны дар – Зямлю, наш супольны дом, і клапаціцца пра ўсіх членаў чалавечай сям’і. Як браты і сёстры, якімі з’яўляемся, будзем разам прасіць Нябеснага Айца: Спашлі свайго Духа і аднаві аблічча зямлі.
Фрагмент прамовы падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане, 22.04.2020
   

Слова для Жыцця (207)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
   Дзе Бог канчаткова адкрыўся? На крыжы. Тут мы пазнаём рысы Яго Аблічча. Не будзем забываць, Браты і Сёстры, што крыж – гэта кафедра Бога. Нам будзе карысна ў маўчанні скіраваць позірк на распяцце і паглядзець, кім ёсць наш Збаўца: Ён не паказвае пальцам нават на тых, хто Яго ўкрыжаваў, але хоча абняць усіх; не прыгнятае сваёй хвалой, але адракаецца ад усяго дзеля нас; любіць не на словах, але моўчкі дае нам жыццё; не прымушае, а вызваляе; не адносіцца як да чужых, але бярэ на сябе наша зло, бярэ на сябе нашы грахі. Таму, каб вызваліцца ад забабонаў адносна Бога, будзем глядзець на распяцце. А потым адкрыем Евангелле. У гэтыя дні, калі ўсе знаходзяцца на каранціне дома, ізаляваныя, возьмем у рукі гэтыя дзве рэчы: будзем глядзець на распяцце і разгорнем Евангелле. Гэта павінна стаць для нас, скажам так, хатняй літургіяй, бо ў бліжэйшыя дні не можам пайсці ў касцёл. Распяцце і Евангелле!
Фрагмент прамовы падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане, 08.04.2020
   

Слова для Жыцця (206)

Слова для Жыцця

Папа Францішак
   У  гэтыя дні вялікіх пакут у грамадстве прысутнічае шмат страху. Страх пажылых самотных людзей, якія знаходзяцца ў дамах для састарэлых ці шпіталях і не ведаюць, што можа здарыцца. Страх людзей без сталай працы, якія думаюць, як пракарміць сваіх дзяцей, і бачаць, як прыходзіць голад. Страх работнікаў сацыяльна важных сфер, якія дапамагаюць функцыянаваць грамадству і могуць захварэць. Страх прысуты ў кожным з нас. Кожны з нас ведае, чаго ён баіцца. Будзем маліцца да Пана, каб дапамог захаваць давер, заставацца цярплівымі і перамагчы страх.
Фрагмент гаміліі падчас ранішняй св. Імшы ў ватыканскім Доме св. Марты, 26.03.2020
   

Старонка 1 з 24:

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  260

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.