ГРОДНА
Чацвер,
25 красавіка
2024 года
 

Слова рэдактара

Мастацтва добрага жыцця

Слова рэдактара

   Спосабаў для добрага жыцця шмат. Добрае не заўсёды азначае мудрае, а таму не кожны са спосабаў, якія мы сустракаем на сваім шляху, з’яўляецца мудрым. Сёння сучаснасць гоніцца за ідэаламі шчасця, якія, як нас спрабуюць упэўніць, заўсёды звязаны з пэўнымі поспехамі. Лепш за ўсё было б перажыць некалькі поспехаў у жыцці: тых, якія датычацца сям’і, прафесіі і, безумоўна, грошай – напрыклад, выйграць у латарэі ці мець высокія заробкі, каб ні аб чым не шкадаваць у жыцці. Менавіта такім чынам мы пачынаем уяўляць наша новае і добрае жыццё. Паняцце “новае і добрае жыццё”, на жаль, неадназначнае. У першую чаргу варта задумацца над гэтым “добрым” у маральным сэнсе. Трэба адказаць на асноўныя пытанні, якія Бог у сваім Дэкалогу задае кожнаму чалавеку. Толькі тады стане зразумела, якое яно – наша жыццё. Варта над ім часта задумвацца, бо добра і мудра жыць сёння становіцца вялікім мастацтвам. На жаль, бачачы сённяшнія рэаліі, не ўсе могуць дасягнуць гэтага мастацтва. А найбольшая праблема тоіцца ў самім чалавеку.
   Жыць мудра і прыгожа – значыць жыць з Богам. Кожны з нас павінен не толькі марыць аб такім жыцці, але імкнуцца да яго – да жыцця, якое заключае ў сабе любоў, пачуццё бяспекі, жыцця, у якім мы будзем акружаны сям’ёй, сябрамі, добразычлівасцю. Менавіта такія намеры існуюць у Бога адносна кожнага з нас, а мы павінны апанаваць такое мастацтва жыцця. Давайце прыгадаем словы Хрыста: “Я прыйшоў, каб вы мелі жыццё і мелі ў дастатку” (параўн. Ян 10, 10).
 

Узяць ружанец у рукі

Слова рэдактара

Дзякуючы кожнаму “вітай, Марыя” Касцёл на нашай зямлі сёння адроджаны. Наш народ, які вельмі шануе Маці Божую, прычым, рознымі спосабамі, памятаў у першую чаргу пра Ружанец

   У штодзённым жыцці людзі нешта пытаюцца адзін у аднаго, каб даведацца або зрабіць штосьці. Адны даюць парады другім, і часта гэтыя парады вельмі карысныя і важныя. У духоўным жыцці адбываецца падобным чынам.
    Я сёння таксама хачу даць параду: варта ўзяць у рукі ружанец. Ёсць такія хрысціяне, якія кожны дзень адгаворваюць Ружанец, ёсть такія, што толькі ў кастрычніку ці некалькі разоў на год, ёсць тыя, хто забыўся, што існуе ружанцовая малітва, а многія нават не ўмеюць маліцца Ружанцам.
    Навошта чалавеку патрэбна ружанцовая малітва? Ружанец з’яўляецца жыццём Марыі поруч з Хрыстом. Адгаворваючы гэтую малітву, мы, па прыкладзе Марыі, таксама можам быць поруч са Збаўцам. Праз Ружанец мы глядзім на жыццё Хрыста вачамі Марыі. Ружанцовая малітва вучыць нас дзякаваць, любіць і прасіць прабачэння ў Бога. За кожным “вітай, Марыя” знаходзіцца мноства Божых ласкаў, падрыхтаваных для нас. Ружанец выратаваў многіх і надалей дапамагае чалавеку знайсці сваю дарогу да Жыцця. Гэта менавіта дзякуючы Ружанцу ў Беларусі не знішчылі ўсе касцёлы.
   

Католікі Беларусі хочуць будаваць Касцёл

Слова рэдактара

У Беларусі яшчэ не хапае мураваных касцёлаў, але ёсць жывы Касцёл. Ёсць верныя людзі добрай волі, якія сваім жыццём абвяшчаюць Хрыста і Яго праўды, а таксама жывуць гэтым на кожны дзень

   У многіх рэлігійных артыкулах дастаткова шмат тэм адносна будаўніцтва Касцёла. Гэта вельмі важны момант рэлігійнага жыцця кожнага народа і пакалення. Часцей за ўсё, калі мы гаворым пра будаўніцтва, ва ўяўленні ўзнікае будынак з фундаментам, сценамі і дахам. Гаворачы пра будынак святыні, мы задумваемся, у якім стылі ён ёсць ці павінен быць. У сённяшнія часы новыя святыні не заўсёды сваім выглядам прыгадваюць Божы Дом, але нягледзячы на гэта, у новых раёнах нашых гарадоў узнікаюць будынкі на Божую хвалу, і гэта вельмі важная справа. Існуюць такія месцы ў Беларусі, дзе святынь, так неабходных хрысціянам, не хапае. Але ёсць яшчэ важнейшая справа, якая датычыцца нашага жыцця з Богам.
    Гаворачы пра будаўніцтва Касцёла, мы павінны ў першую чаргу думаць пра жывы Касцёл. Супольна вызнаючы веру ў Адзінага Бога, Стварыцеля неба і зямлі, мы ствараем жывы Касцёл на зямлі.
   

Лепш пазнаць Хрыста

Слова рэдактара

Сваёй паставай і службай Папа паказвае свету сапраўдны вобраз чалавечнасці, напрамкам развіцця якой павінна быць дабрыня, пра якую мы, на жаль, вельмі часта забываемся.

   Усё больш запісаў папы Францішка на “Твітэры” становяцца папулярнымі ва ўсім свеце. Усё гэта адбываецца не для рэкламы, бо ні Папе, ні Касцёлу гэта не патрэбна. Сваёй паставай і службай Папа паказвае свету сапраўдны вобраз чалавечнасці, напрамкам развіцця якой павінна быць дабрыня, пра якую мы, на жаль, вельмі часта забываемся. Сёння ўсё цяжэй дзяліцца з бліжнімі любоўю і несці ў гэты свет міласэрнасць. Гэта адбываецца па той прычыне, што мы заглушаем голас Хрыста, не хочам зрабіць штосьці важнае для сябе і іншых у нашай жыццёвай пілігрымцы. Жыццё папы Францішка поўнасцю паглыблена ў Хрыста, таму, бясспрэчна, Папа становіцца прыкладам для кожнага з нас. У адным са сваіх запісаў ён прыгадвае нам вельмі важную праўду: “У Год веры трэба старацца кожны дзень зрабіць нешта канкрэтнае, каб лепш пазнаць Езуса Хрыста”.
   

Свята веры

Слова рэдактара

Апрача звычайнай штодзённасці існуе неабходнасць Бога, якую трэба адчуць, неабходнасць Бога, які вучыць нас жыць па-іншаму.

   Маё жыццё без Бога нічога не вартае. Я ў чарговы раз адчуваю гэта, калі хачу штосьці зрабіць без Божай дапамогі, пра якую я забываюся, або, напрыклад, калі замала малюся, у мяне не атрымліваецца і я цярплю паражэнне. Мае слабасці і падзенні парушаюць прыгожы Божы план. Таму варта ў чарговы раз паспрабаваць зрабіць усё, каб жыццё было прасякнута Богам і ахвяравана Яму. Тады гэта будуць прыгожыя і цудоўныя хвіліны майго людскога жыцця на зямлі. Кожны з нас у сваім жыцці перажывае ўрачыстыя моманты, якія вельмі моцна звязаны з тым, што адбываецца навокал. Звычайна гэта шчаслівыя хвіліны, бо яны прыносяць шмат радасці і задавальнення. У духоўным жыцці падобная сітуацыя. Веруючы чалавек, звяртаючыся да Бога, перажывае свае хвіліны сустрэчы са Стварыцелем. Гэтыя сустрэчы могуць быць рознымі. Адны дзякуюць, іншыя просяць, яшчэ нехта наракае ці не разумее Божага Провіду. Але кожны вернік можа зрабіць з хвілін гэтай сустрэчы своеасаблівае свята. Гэта будзе свята веры і ўваскрасення да жыцця.
   

Св. Тэрэза заваёўвае Беларусь

Слова рэдактара

Св. Тэрэза навучыць нас любіць Касцёл: наш касцёл з каменю, у які мы накіроўваемся кожную нядзелю, і жывы Касцёл, у якім мы сустракаемся адзін з адным і дзелімся нашай верай.

   1 чэрвеня рэліквіі св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус прыбылі на беларускую зямлю і рас­пачалі сваю перэгрынацыю. Св. Тэрэза ўжо наведвала на­шых суседзяў на Украіне, у Расіі, Польшчы і Літве, а цяпер яна прыбыла на зямлю, дзе яе таксама ўшаноўваюць многія людзі. Асаблівым культам у сваёй душпастарскай працы яе ахінаюць кармеліты. Ужо праз некалькі дзён парафіі нашай дыяцэзіі, пачынаючы з Войстама, будуць трываць на адарацыі і чуванні перад яе рэліквіямі. На працягу цэлага месяца рэліквіі святой будуць вандраваць па нашай дыяцэзіі. Што павінна застацца ў сэрцы кожнага з нас пасля сустрэчы з рэліквіямі? Чаму св. Тэрэза хоча нас навучыць? Вось галоўныя пытанні, якія павіен задаць сабе кожны веруючы чалавек, каб гэтая духоўная пілігрымка рэліквій святой прынесла духоўную карысць у жыцці звычайнага чалавека.
   

Сустракаць Хрыста, паверыць Хрысту, абвяшчаць Хрыста

Слова рэдактара

Не варта абмяжоўваць сябе ў такім шчасці толькі да адной сустрэчы. Хрыстос гатовы няспынна сустракацца з намі і ашчасліўліваць нас.

   Чарговыя разважанні я азагаловіў словамі папы Фран­цішка, які менавіта так спрабаваў выразіць галоўныя пункты нашай веры. Варта над гэтым задумацца і часта звяртацца да гэтых думак у сваім жыцці.
    Сустракаць Хрыста. Папа не гаворыць толькі аб адной сустрэчы, якая, бясспрэчна, можа зрабіць у нашым жыцці многае, але аб сустрэчах. Сустракаць, а не сустрэць. Якога Хрыста мы сёння сустракаем? Самы просты адказ – “свайго”. А які Ён – “наш Хрыстос”? Для адных Ён Лекар, Цудатворац, іншыя бачаць Настаўніка, яшчэ нехта – Сябра. Але гэта той самы Хрыстос, які, аддаючы за кожнага з нас жыццё, праз ахвяру на крыжы адкрывае нам брамы ў неба. Штодзённа сустракаючы Хрыста, які прысутнічае сярод нас і бласлаўляе нас, мы адчуваем сябе шчаслівымі. Не варта абмяжоўваць сябе ў такім шчасці толькі да адной сустрэчы. Хрыстос гатовы няспынна сустракацца з намі і ашчасліўліваць нас, заўсёды адорваючы той самай нязменнай любоўю. Мы па-асабліваму сустракаемся з Ім падчас кожнай Эўхарыстыі. Гэта хвіліны нашага збаўлення, прысутнасці жывога Бога сярод нас.
   

Лабараторыя веры і жыцця

Слова рэдактара

Мы сустракаемся з Богам, які ў нас нічога не забірае, але ўсё дае: жыццё, любоў, радасць... Гэта багацце напоўненага Богам чала­вецтва.

   Беднае жыццё веруючага чалавека, які запрашае да сябе Хрыста толькі на святы ці на вялікія ўрачыстасці раз або два разы на год. Гледзячы на жыццё вернікаў, часам вельмі цяжка адказаць, у чым заключаецца ўдзел Езуса ў іх жыцці. Як сказаў папа Францішак падчас адной са сваіх нядзельных гамілій, гэта цяжкае пытанне, а той, хто ведае адказ, нібы выйграў дэрбі. Ужо амаль мінуў перыяд I Святых Камуній і канфірмацыі, скончыўся таксама чарговы катэхетычны год. Для многіх з нас гэта быў час, калі мы нанова запрасілі Езуса ў нашае жыццё: адны ўпершыню, а другія ў чарговы раз. Гэта, напэўна, прыгожыя, радасныя і поўныя энтузіязму хвіліны. Пасля такіх вельмі важных момантаў рэлігійнага жыцця нельга нават на нейкі час забывацца пра Езуса, паколькі гэта можа аказацца жыццёвым паражэннем многіх з нас. Трэба прыгадаць, што хрысціянства – гэта не прафесія, якую мы павінны выконваць толькі ў працоўныя гадзіны ці ў пэўную пару года, гэта паглыбленне ў любоў Стварыцеля са сваім стварэннем. Хоць Пан Езус не ставіць нам адзнак па нашай веры і не дадае нам за добры ўчынак 10 балаў, а за малітву яшчэ больш, можна смела сказаць, што там, дзе вера чалавека жывая, там і Хрыстос прысутнічае кожны дзень. Таму варта кожнаму з нас задумацца, якую ролю адыгрывае Хрыстос у нашым жыцці? На якім месцы Ён знаходзіцца?
   

Эфект пазірання на алтар

Слова рэдактара

Уважлівы позірк на Бога, на Хрыста павінен быць характэрны кожнаму хрысціяніну. Тое, як мы жывём, залежыць ад таго, куды мы глядзім.

   Аднойчы ў пэўнай невя­лікай парафіі падчас св. Імшы я пачуў, як дзядуля робіць заўвагу свайму ўнуку, каб не азіраўся па баках, а глядзеў на алтар. Неаднаразова на розных рэкалекцыях я звяртаю ўвагу вернікаў на тое, што мы сёння вельмі заматаныя, што ў нас так шмат спраў, праблем і цяжкасцей, і мы часцей накіроўваем свой змучаны позірк уніз, а не перад сабой. Наша галава так загружана рознымі справамі, што мы пачынаем глядзець усюды навокал, але толькі не на Бога. Фізічная стомленасць і клопаты штодзённага жыцця даюць аб сабе знаць, і ў выніку, нам нават цяжка ўзнесці позірк. Безумоўна, гэта звязана з нашым песімістычным поглядам у будучыню, цяжкімі ўмовамі жыцця і адсутнасцю альтэрнатывы. Больш таго, я заўважыў, што большасць вернікаў у касцёле замест таго, каб глядзець на алтар, на Хрыста, глядзіць уніз, на падлогу касцёла. Напэўна, гэта не нейкая духоўная стомленасць і не вялікае праяўленне пакорнай паставы перад Богам, бо на Бога мы заўсёды глядзім з пакорнасцю. Гэта эфект нашага штодзённага пазірання ўніз, пра якое я ўзгадваў вышэй. Я нават асмеліўся б зрабіць выснову, што такое глядзенне ў падлогу вельмі сумнае і поўнае тугі. А ў той жа час, пазіранне на алтар дае шмат радасці і энтузіязму, перш за ўсё, да жыцця, ахвоты змянення яго да лепшага, бо гэта позірк чалавека, які глыбока верыць у Хрыста.
   

Старонка 24 з 34:

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

red
Адзначаем імяніны:
Сёння ўспамінаем памерлых святароў:
Да канца года засталося дзён:  251

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.