Узнагароджваем Тваё Сэрца, Марыя!
кс. Юрый Марціновіч
09 красавіка 2017
|
Падчас фацімскіх аб’яўленняў Маці Божая абвясціла Луцыі, што Хрыстос прагне, каб Яе больш ведалі і любілі: “Езус хоча выкарыстаць цябе, каб увесці на свеце набажэнства да Майго Беззаганнага Сэрца. Тым, хто прыме яго, Я абяцаю збаўленне. Гэтыя душы, любімыя Богам, як кветкі пастаўлю для аздобы Яго трона”.
Згодна з прадказаннем, Маці Божая зноў аб’явілася Луцыі 10 снежня 1925 года ў Пантэведра (Іспанія), ужо пасля смерці Францішка і Гіяцынты. На гэты раз Нябесная Валадарка трымала на руках Дзіцятка Езус. Марыя звярнула ўвагу на стан свайго Беззаганнага Сэрца: “Дачка Мая, паглядзі, Маё Сэрца пранізана цернямі, якімі яго няспынна раняць людзі праз блюзнерства і няўдзячнасць. Прынамсі ты імкніся прыносіць Мне радасць і абвясці ад Майго імя, што ў гадзіну смерці прыбуду з ласкамі, неабходнымі для збаўлення ўсіх, хто на працягу 5-ці месяцаў у першыя суботы паспавядаецца, прыме св. Камунію, памоліцца 1 частку Ружанца і 15 хвілін у роздуме над ружанцовымі таямніцамі будзе спадарожнічаць Мне ў інтэнцыі ўзнагароджання”. †