ГРОДНА
Субота,
20 красавіка
2024 года
 

Цераз прызму досведа

З жыцця Касцёла

а. Леон Кнабіт
Размова з а. Леонам Кнабітам, бенедыкцінцам, знакамітым спаведнікам і рэкалекцыяністам, вядомым у Польшчы па многіх папулярных кнігах, радыё-і-тэлеперадачах.
Раскажыце, калі ласка, нашым чытачам пра сябе.
    Цераз тры месяцы мне споўніцца 80 гадоў. Я належу да ордэна бенедыкцінцаў, які быў заснованы св. Бэнэдыктам на мяжы V - VI ст. Наш кляштар у Тыньцы каля Кракава паўстаў у 1044 г., ён з’яўляецца самым старэйшым кляштарам у Польшчы.
    Я нарадзіўся ў Бельску Падляскім, адносна недалёка ад Гродна. Мая сям’я жыла ў Седльцах, дзе я скончыў базавую школу, затым – ліцэй імя Баляслава Пруса і Вышэйшую Духоўную Семінарыю. Пасля я пазнаёміўся з ордэнам бенедыкцінцаў у Тыньцы і пасля пяці гадоў святарства ўступіў у 1958 г. у гэты ордэн. Я з’яўляюся манахам ужо 51 год і маю за сабой 56 гадоў святарства. Паколькі я быў дыяцэзіяльным ксяндзом, то спачатку ў кляштары працаваў галоўным чынам там, дзе браўся ў разлік мой вопыт: быў катэхетам, пробашчам. Пазней жа меў і іншыя абавязкі: быў настаўнікам навіцыята, бібліятэкарам, рэдактарам нашага выдання “Cenobium”, хранікёрам, падпрыёрам, прыёрам,працаваў у канцылярыі.
З 1993 г. я пачаў выступаць у розных тэлепраграмах, што прадаўжаецца і да сённяшняга дня. З 1998 г. пачаў пісаць кнігі і напісана іх цяпер каля 30. Карыстаючыся з таго, што я валодаю рукамі, нагамі, добра працуе галава, то калі мяне папросяць правесці рэкалекцыі ці канферэнцыю, а айцец-абат дасць згоду, пакуль магу гаварыць, а людзі хочуць слухаць – праводжу рэкалекцыі. Цяпер жа падрыхтоўваю да выдання тры кнігі і ў гэтым годзе мяне чакаюць канферэнцыі і рэкалекцыі.
   
Ці прыезд на рэкалекцыі ў ВДС у Гродна – гэта першы ваш побыт у Беларусі?

    Я знаходжуся ў Беларусі другі раз. У 1993 г. праводзіў рэкалекцыі для сёстраў-назарэтанкаў. Цяпер ізноў наведаў іх у Навагрудку. Гэтыя мясціны – вельмі мілыя майму сэрцу.
    Мой прыезд у Гродна на рэкалекцыі быў досыць выпадковы, калі можна наогул гаварыць пра выпадковасці. Бо выпадковасцямі заўжды Хтосьці кіруе. Спачатку я сустрэўся на беатыфікацыі кс. М. Сапоцькі ў Беластоку з ксяндзамі з гродзенскай семінарыі і атрымаў запрашэнне на гэтыя рэкалекцыі. А нядаўна 11 –12 верасня на Ясную Гару прыехалі клерыкі з Гродна, якія з пачатку акадэмічнага года хацелі пакланіцца Божай Маці. Я быў там і мы парадаваліся магчымасці ўбачыцца ў хуткім часе. І вось – удалося. Я – ў Гродне.

    На што вы хацелі звярнуць увагу клерыкаў?
    Перш за ўсё – на вернасць. Калі ксёндз – верны, то не павінен быць ідэалам, адразу – святым да канца. Цудоўна, калі ксёндз паважае людзей, добрасумленны, не бабнік... Тыя, хто гавораць пра Бога, павінны сведчыць аб Ім сваім уласным жыццём.
    Я гаварыў падчас рэкалекцый, што клерыкі маюць шанс паказаць, што такое Касцёл і Хрыстус. Бог дасць ім ўсё, што трэба. А ў руках гэтых мудрых знаходзіцца лёс Касцёла Беларусі. Калі яны будуць высакародныя, то будзе супрацоўніцтва з праваслаўнымі. А калі штосьці будзе не ў парадку, то іх лёгка можна будзе папракнуць у недахопах. І тады пачынаюцца ўзаемныя антыпатыі і замест супрацоўніцтва двух братоў у адным хрысціянскім Касцёле - “грызня”. Я акцэнтаваў увагу семінарыстаў на тым, каб яны трактавалі семінарыю ўсур’ёз, бо чым яны будуць мацнейшыя ў семінарыі, тым будуць больш устойлівыя падчас цяжкасцяў лёсу, спакусаў па-за семінарыяй і будуць ісці з людзьмі да Бога. Я рады, што ў год Святарства семінарыя ў Гродне мае 14 новых алюмнаў.

    У краінах Заходняй Еўропы занатавана падзенне колькасці прызванняў з-за прагрэсіруючых у грамадстве працэсаў памяншэння ўплыву Касцёла. Як па-вашаму шырока паглыбіўся гэты працэс?
    Напэўна, падзенне колькасці прызванняў будзе, бо лаіцызацыя (памяншэнне ўплыву Касцёла ў розных сферах грамадскага жыцця) нарастае, але ў некаторых семінарыях і ордэнах занатоўваецца ў гэтым годзе павелічэнне лічбы пакліканняў, нават да 100%. Калі ідзе размова пра Польшчу, то мне здаецца, што так далёка як на Захадзе, там працэс лаіцызацыі грамадства не пойдзе. Трэба давяраць Богу, не пераймацца тым, на што чалавек не мае ўплыву, а проста рабіць усё, каб кожны ксёндз заахвочваў да святарства і адкрываў прызванне, якое паходзіць ад Бога. Калі духоўныя асобы і свецкія любяць Касцёл, супакой, лад і ўмеюць ацаніць вартасць свабоды – будзе добра. Час ад часу я бываю ў некаторых краінах Заходняй Еўропы і назіраю за людзьмі. Выглядае на тое, як бы яны мелі досыць гэтай свецкасці, якая нясе духоўную пустату...
    Без Бога жыццё траціць сэнс. Калісьці чалавек стане перад Творцам. Многія людзі на Захадзе ўсведамляюць гэта, можа таму можна назіраць аднаўленне маладзёжных рухаў, расце большая актыўнасць старэйшых людзей у жыцці Касцёла. Я думаю, калі б у Беларусь прыехаў Папа, то гэта быў бы час аднаўлення, паляпшэння міжчалавечых адносінаў.

    Ці католік у Беларусі адрозніваецца ад католікаў Польшчы ці Заходняй Еўропы?
    Мяжа не ідзе па палітычнай мяжы, але - цераз чалавечае сэрца. Напэўна ёсць у Польшчы ці на Захадзе “абы-якія” католікі, як і ў Беларусі. Але ёсць старанныя, дбайныя вернікі, якія сведчаць сваімі ўчынкамі пра Бога. Толькі на Захадзе свецкасць вернікаў больш заўважальная, хіба, нядобра людзі зразумелі інтэнцыі II Ватыканскага Сабора. Святары, якія павінны кіраваць рэлігійным жыццём, аддалі там большую палову справаў у рукі свецкіх.
    Святар павінен кіраваць жыццём парафіі. У сваю чаргу духоўная асоба павінна адпаведна цаніць вартасць кожнага чалавека, не прыніжаць яго, дапамагаць яму быць самім сабой і дапамагчы арганізавацца. Калі святар кіруе людзьмі, а ўсе супрацоўнічаюць з пачуццём уласнай годнасці – тады ўсё ідзе добра. Калі ж ксёндз трымае ўсё ”ў вожыкавых рукавіцах”, не дазваляе нічога або наадварот: свецкія кіруюць святарамі – гэта не ідэальны ўзор Касцёла.

    Якія ў Вас склаліся ўражанні ад побыта ў Беларусі?
    Мае першыя назіранні датычаць свабоды перамяшчэння. Я лічу, што людзі павінны ездзіць без ніякіх перашкодаў у Польшчу і адтуль, узаемна ўзбагачацца дабром. Мінулы перыяд паставіў паміж намі, славянамі, бар’ер.
    Другая справа – гэта аднаўленне Касцёла ў Беларусі. Мы памятаем пра тыя часы, калі на тэрыторыях СССР па-партызанцку ездзілі некалькі ксяндзоў, часта перарываючы сваю душпастырскую працу лагерамі, турмамі. А сёння ёсць Касцёл, выдаюцца газеты па-польску, кожны можа публічна прызнацца ў тым, што ён верыць у Бога. Пасля перыяда камунізма цяпер можна адчуць сябе, як у казцы. Святыні адноўленыя, прыгожыя. Я лічу, што Беззаганная Божая Маці пасадзейнічае таму, што ўсе Касцёлы аб’яднаюцца і на свой лад кожны народ будзе ўшаноўваць Яе Сына на сваёй мове.
 
 Якія былі Вашыя адносіны з Папам Янам Паўлам II?
    Я пазнаёміўся з Папам у 1957 г., калі ён быў звыклым ксяндзом. Мы сустрэліся ў рэкалекцыйным доме на поўдні Польшчы, у ваколіцах Жыўца, куды ён як “дзядзька Караль”, апрануты па-цывільнаму, прыязджаў з моладдзю. Яго называлі “дзядзька Караль”, бо ў тыя часы ўлады непрыхільна ставіліся да таго, каб ксёндз хадзіў у сутане з моладдзю па лясах і гарах. Ён быў малады, каб быць татам, але - і сур’ёзны, каб да яго звяртацца па імені. І з такім Папам я пазнаёміўся.
    Пасля 1958 г., калі ксёндз Караль Вайтыла стаў біскупам, то ён прыязджаў у Тынец памаліцца і на рэкалекцыі. Выконваючы ў душпастырстве абавязкі пробашча, я працаваў у святарскай радзе, натарыусам у дэканаце. Кардынал Вайтыла хацеў заўжды ведаць, што думаюць аб душпастырскіх справах многія людзі і я меў шчасце належаць да іх.
    Калі кардынал Вайтыла стаў Папам, то я быў вельмі ўзрушаны і напісаў да яго ліст. Ён адпісаў мне. Я напісаў ізноў... У мяне ёсць 185 лістоў з подпісам Яна Паўла II! Я быў чатыры разы ў Святога Айца, два разы цэлебраваў з ім св. Імшу ў прыватнай капліцы. І самае цікавае: калі Ян Павел II быў у Польшчы ў 2002 г., то знайшоў хвілінку часу, каб наведаць наш кляштар. На завяршэнне падарожжа 19 жніўня 2002 г. ён прыехаў у Тынец на 15 хвілінаў, нават не сышоў з папамабіля. Мы падыходзілі да яго, станавіліся на колы аўтамабіля, бо не паспелі падрыхтаваць які-небудзь столік і так размаўлялі. Ён ад’ехаў ад нас адразу ў аэрапорт, а адтуль – у Рым і ўжо не вярнуўся. Так, апошні яго візіт у Польшчу быў менавіта ў кляштар у Тынец.

    Ці Ян Павел II успамінаў у сваіх пісьмах пра ўскраінныя рэгіёны?
    Некалькі гадоў таму назад я перапісваўся з адным бедным чалавекам з Беларусі. Адзін з яго лістоў я пераслаў Святому Айцу. І Папа напісаў у сваім лісце да мяне (10. XI 91): “У маіх малітвах ёсць і просьбы за Божыя ласкі для Беларусі, дзе “голад і холад”. Зрэшты, не толькі там”. А калі я напісаў пра свой першы побыт у Беларусі, то прачытаў наступныя словы з пісьма: “Відаць добры плён працы слугаў Хрыста, а што прынясе будучыня? Мы павінны верыць, бо ўсё знаходзіцца ў планах Божага Провіда. Добра, што назарэтанкі працуюць і робяць усё, што ў дадзенай хвіліне – магчыма, а Езусу давяраюць будучыню” (12. VIII. 94).
    Прымаючы ўдзел у радыё-і-телепраграмах, Вы размаўляеце на складаныя тэмы, дыскутуеце з людзьмі, якія маюць нават варожы падыход да Касцела.
    На шчасце, няма людзей, да якіх я варожа адношуся, хоць я магу не згаджацца з усімі ўчынкамі кожнага чалавека, таксама, як і са сваімі. Мяне радуе факт, што падчас праграмаў з маім удзелам я магу штосьці данесці людзям.
    Што датычыць маіх апанентаў, то я ўспамінаю словы кардынала Стэфана Вышынскага, які гаварыў, што трэба маліцца, каб Бог знайшоў нават у чалавека, якога лічаць злым, штосьці добрае, каб ён заслужыў на міласэрнасць. Калі ёсць сапраўдная любоў, не саладжавая, то свет робіцца лепшым. Гэта з’яўляецца адпаведнай паставай людзей Касцёла, пра якую, дарэчы, гаворыць святы Бэнэдыкт манаху-настаяцелю: “Патрэбна ненавідзець зло, але любіць чалавека”.

    Што Вы пажадаеце Чытачам газеты “Слова Жыцця”?
    Цяпер адбываюцца рэкалекцыі для клерыкаў, таму усім сэрцам я жадаю Чытачам газеты “Слова Жыцця” у першую чаргу, каб яны цешыліся добрымі святарамі, якія іх зразумеюць і будуць з імі працаваць. Я жадаю, каб яны заўсёды дапамагалі святарам, а тых, хто слабы, “зломлены”, падтрымлівалі малітвай і добрым словам. А калі ксяндзы выступаюць з добрымі прапановамі, то каб іх падтрымлівалі, каб святар не быў адзін.
    А ад сябе я жадаю традыцыйна: здароў’я, поспехаў, згоды, як найбольш унутранай свабоды - гэта звыклыя рэчы, але без іх нельга жыць. І каб было многа прычынаў для радасці і ўсмешкі. А Бог, напэўна, дапаможа, таму што калі столькі людзі вынеслі, столькі перажылі, то наступныя гады жыцця пад апекай Божай Маці будуць яшчэ лепшыя. Я жадаю, каб усё ішло да дабра.

    Дзякуем Вам за размову.

Актуальны нумар

 

Каляндар 2022

Каляндар
«Слова Жыцця»
на 2022 год

Літургічны каляндар

 
white
Адзначаем імяніны:
Да канца года засталося дзён:  256

Чакаем Вашай падтрымкі

skarbonkaДарагія Чытачы!
Просім Вас аб дапамозе ў абвяшчэнні Добрай Навіны. Мы чакаем Вашых лістоў, артыкулаў, здымкаў і падтрымкі ў фінансаванні газеты. Як адна сям’я “Слова Жыцця” мы прагнем несці Божае слова, гаварыць аб Хрысце і Касцёле ўсё большай колькасці людзей у Беларусі і па-за яе межамі.